Вярнуліся ў Шуміліна жыць і працаваць — размова пра маладых спецыялістаў

Актуалии Молодёжь Экономика

Вярнуліся ў Шуміліна жыць і працаваць

Толькі чалавек недальнабачны і ганарлівы можа дазволіць сабе паблажлівы тон, калі гаворка ідзе пра моладзь наогул і пра маладых спецыялістаў у той ці іншай прафесіі ў прыватнасці. Маўляў, вучыць іх яшчэ і вучыць – калі яшчэ які толк будзе… Але ў тым і каштоўнасць маладых людзей, што яны (у адрозненне ад многіх вопытных – будзем шчырымі) гатовы і прагнуць вучыцца. Магчыма, яшчэ па інерцыі, таму што ёсць такая патрэба, не патухла іскра. Маладыя адкрыты для ўсяго новага, маюць багата ідэй, па-іншаму глядзяць на прывычныя рэчы. Яны сапраўды здатныя паварочваць рэкі. Ім трэба толькі даць такі шанс.

Асаблівасці “прыжывання”
Не сакрэт, што ў нашым раёне моладзь дрэнна “прыжываецца” ці, як гэта прынята называць, – замацоўваецца. Гэта пацвярджаюць і ў аддзеле арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама, які курыруе работу з кадрамі ў раёне. Адна з пераканаўчых прычын у тым, што размяшчаецца наш раён якраз паміж двума буйнымі гарадамі, Віцебскам і Полацкам, а моладзь, як правіла, цягне туды, дзе бурліць жыццё.
Бываюць, вядома, і выключэнні. Яны застаюцца тут назаўжды, абзаводзяцца жыллём, нараджаюць дзяцей. Вось тое, пра што марыць кіраўнік любога прадпрыемства ці арганізацыі, калі разумее, што яму пашчасціла на выдатнага работніка. І самае галоўнае тут – не спудзіць маладога спецыяліста, які робіць першыя крокі ў прафесіі менавіта пад вашым крылом. Ад гэтага залежыць многае, а найперш тое, адбудзецца гэты чалавек у прафесіі ці не. І ў гэтым сэнсе ўжо нават няважна, у якой кропцы краіны ён будзе потым працаваць.

Рота маладых
Па інфармацыі, якую даў аддзел арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама, сёлета працоўны старт у Шумілінскім раёне ўзялі больш за 100 маладых спецыялістаў. Гэта медыцынскія работнікі і настаўнікі, будаўнікі і бухгалтары, прадаўцы і леснікі, іншыя спецыялісты. Са жніўня маладыя асвойваюцца ў лясгасе, жыллёва-камунальнай гаспадарцы, школах і дзіцячых садах, ва ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемствах, у міліцыі, РАНС і ў іншых прадпрыемствах і арганізацыях раёна. Няцяжка здагадацца, што яны зараз перажываюць, як хвалююцца, як стараюцца сябе зарэкамендаваць.

Дома і салома ядома…
Калі гаварыць пра замацаванне маладых спецыялістаў, ёсць пэўны сэнс у тым, каб найперш рабіць стаўку на выхадцаў з нашага раёна. Дома і салома ядома, а на чужыне і гарачы тук стыне – сцвярджае народная мудрасць. А яшчэ дома і сцены дапамагаюць і, вядома, – бацькі.
“Прыжыцца” і застацца ў мясцовасці, дзе прайшло тваё дзяцінства, намнога лягчэй і прыемней. У гэтым сэнсе вялікае значэнне маюць так званыя накіраванні. Прадпрыемства ці арганізацыя, што мае вострую неабходнасць у кваліфікаваным работніку, дае накіраванне, якое павышае шанс паступлення і гарантуе першае месца працы. Аналіз паказаў, што многія маладыя спецыялісты прыйшлі ў раён менавіта па накіраванні. Большасць (амаль 70 чалавек) жыве з бацькамі, у родных ці мае ўласнае жыллё (у асноўным, вядома, з бацькамі). Напрыклад, як расказалі ў аддзеле кадраў цэнтральнай раённай бальніцы, сярод 20 чалавек, што прыйшлі сёлета ў шумілінскую медыцыну,  – усе мясцовыя, паступалі па накіраванні.  Адны з Шуміліна, іншыя з раёна. Гэта 4 урачы, 15 прадстаўнікоў сярэдняга медыцынскага персаналу, псіхолаг. Па словах галоўнага ўрача К. Ф. Баканава, неабходнасць у кадрах застаецца. А маладым галоўнае прадаставіць жыллё, і гэта пытанне, заўважыў галоўны ўрач, да канца яшчэ не вырашана.
14 з 15 маладых спецыялістаў, што прыйшлі сёлета ў ПМК-70, таксама шумілінскія. Іх, наогул, больш, чым звычайна. У мінулыя гады, заўважыла начальнік аддзела па кадрава-прававой і ідэалагічнай рабоце С. У. Мацвеева, гэтая лічба магла складаць 5, 3 і нават 2 чалавекі. Людзі свядома бралі накіраванні, каб вярнуцца працаваць па месцы жыхарства. У ПМК-70, па словах Святланы Уладзіміраўны, за кожным маладым спецыялістам замацоўваецца настаўнік, які ва ўсім дапамагае, накіроўвае, падтрымлівае. У маладых работнікаў ёсць магчымасць прафесійнага росту, у тым ліку вучыцца за кошт прадпрыемства. Яны маюць першачарговае права на атрыманне інтэрнату і іншыя бонусы. Спецыяліст заўважыла, што людзі сапраўды вярнуліся ў Шуміліна жыць і працаваць.

Кватэрнае пытанне
Выходзіць, што ў прадастаўленні жылля мелі патрэбу ўсяго крыху больш за 30 чалавек. Нам не ўдалося знайсці такіх, хто б застаўся без даху над галавой. Але вось, напрыклад, маладым спецыялістам лясной гаспадаркі, якія патрапілі на працу ў Мішневіцкае лясніцтва, ЖКГ выдзеліла камерцыйнае жыллё – кватэру. І, як расказала намеснік дырэктара лясгаса Л. С. Доктарава, кватэра знаходзіцца не ў самым лепшым стане. Сантэхніка “пажыла”, у вокны дзьме. І гэта пры тым, што лясгас за некалькі месяцаў да гэтага ўжо пачаў клапаціцца пра жыллё для маладых.
Ёсць і такія, як, напрыклад, дзяўчаты з РЦГЭ, якія штодня ездзяць на працу з Віцебска. “Мы б і хацелі зняць што-небудзь у Шуміліне, але пакуль не атрымліваецца. Калі варыянты і знаходзяцца, то вельмі дорага – 60 долараў за аднапакаёвую кватэру просяць”. А працаваць ім падабаецца, кажуць, што калектыў прыняў добра, ва ўсім дапамагаюць старэйшыя калегі. Дзяўчаты не маюць намеру заставацца ў Шуміліне пасля абавязковай трохгадовай адпрацоўкі, але прызнаюцца, што вопыт, які атрымліваеш “на раёне”, вельмі каштоўны. Яны ўжо ўмеюць і ведаюць намнога больш, чым іх былыя аднагрупнікі, якія засталіся працаваць у Віцебску.
Здымае пакой у Мікіцісе малады настаўнік фізікі і матэматыкі Дзяніс Пячко. Але хутка вызваліцца аднапакаёвая кватэра з усімі зручнасцямі, і ён адразу туды пераедзе.
А вось Вераніка Сокалава, якая нядаўна прыйшла працаваць у школу мастацтваў настаўнікам, ужо дакладна застанецца ў раёне. Яна мясцовая, нядаўна выйшла замуж і нават ужо мае ўласнае жыллё.

Калі ў атамана няма залатога запасу…
Зарплата. Яе пабольш хочацца не толькі вопытным, але і маладым, а ў іх, як вядома, ні стажу, ні надбавак. Тут варта заўважыць, што многія арганізацыі выплацілі сваім маладым спецыялістам так званыя “пад’ёмныя”, гэта сума ў некаторых сельскагаспадарчых арганізацыях даходзіла і да 20 базавых велічынь. Многім проста была выплачана сума ў памеры стыпендыі. А, скажам, маладым педагогам на працягу двух год будуць прыплачваць па 10% ад тарыфнай стаўкі. Некаторыя прадпрыемствы, той жа лясгас, пакрываюць расходы маладых спецыялістаў на жыллё, прадастаўляюць іншыя бонусы.
Вярнуўся ў родны горад пасля ВНУ Павел Барысаў, уладкаваўся працаваць у ФАЦ інструктарам-метадыстам.
– Якая зарплата, – пытаюся.
– Сціплая, – адказвае хлопец з усмешкай.
– Ну, рублёў 400 атрымліваеце?
– Не.
– Ну хаця б 300…
– І 300 не атрымліваю, – прызнаецца хлопец.
Павел заўважыў, што для маладога чалавека нават на першых парах – гэта невялікая зарплата. Праўда, ён не маркоціцца – у армію збіраецца. Кажа, вярнуся – тады паглядзім.
Тыя ж дзяўчаты з РЦГЭ маюць на рукі крыху больш за 260 рублёў. прызнаюцца, што без дапамогі бацькоў не справіліся б.
Маладыя педагогі, з якімі ўдалося пагаварыць, зарплатай сваёй аказаліся задаволены, як і медыкі, і прадстаўнікі многіх іншых прафесій. Здалося, што яны, людзі, якія сваіх уласных грошай яшчэ не мелі, даволі сціплыя ў сваіх запытах і разумеюць, што вялікіх заробкаў на першых парах не будзе.
Напрыклад, малады фельчар можа разлічваць на заробак у 500 рублёў, у настаўніка рублёў 400 будзе. Бухгалтар у сельгасарганізацыі зарабляе ад 270 да 370 рублёў. Інжынер заробіць 400 рублёў, ляснік – 500.

Геаграфія размеркавання
Крыху больш за 40 чалавек прыйшлі працаваць у сельскую мясцовасць, астатнія ўладкаваліся ў Шуміліне. Самым багатым на новую вясковую моладзь аказаўся аграгарадок Мікіціха: туды, калі мы правільна падлічылі, у розныя сферы прыйшлі працаваць 10 маладых спецыялістаў. У тым ліку медыцынскія работнікі, педагогі, спецыялісты лясной гаспадаркі. 8 чалавек першае месца працы займелі ў Мішневічах, па 5 – у Слабадзе і Крывым Сяле. Дарэчы, усе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна ўмацавалі свой кадравы склад такімі важнымі кадрамі, як галоўныя бухгалтары, эканамісты, галоўныя аграномы, ветурачы і многія іншыя.

І ў выніку
Маладых спецыялістаў у раён прыйшло шмат. Усе больш-менш уладкаваліся, уцягнуліся ў работу. Вядома, прыведзеныя ў матэрыяле лічбы не статычныя і могуць мяняцца. Напрыклад, некаторыя маладыя спецыялісткі пачалі свой працоўны шлях з дэкрэтнага водпуску, а хлопцы збіраюцца аддаваць воінскі доўг дзяржаве. Заўважым, што настрой у маладым асяроддзі пазітыўны. Людзі разумеюць, што прыйшлі працаваць, і што павінны як мага большаму навучыцца, каб вырасці ў сапраўдных прафесіяналаў. Многія настроены на абавязковую адпрацоўку і потым збіраюцца шукаць іншае месца працы. А гэта 2-3 гады. Усе маладыя гаварылі пра добрае стаўленне да іх, пра падтрымку калектыву. Ніхто не наракаў ні на кіраўнікоў, ні на ўмовы работы і пражывання.
Хочацца пажадаць усім маладым спецыялістам упэўненасці ў сваіх сілах, цікавай творчай працы, смеласці ў дасягненні мэт. Верце ў сябе, і ўсе вашы самыя неверагодныя мары спраўдзяцца.
У канцы кастрычніка плануецца сустрэча кіраўніцтва Шумілінскага раёна з маладымі спецыялістамі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №79 ад 10.10.2017 г.



3 комментария по теме “Вярнуліся ў Шуміліна жыць і працаваць — размова пра маладых спецыялістаў

  1. Просто нет слов,в голове не укладывается…УЖАС

  2. Некоторые вещи лучше было вообще не писать. Молодой крепкий парень, который с грустью отмечает, что получает меньше 300 рублей… О каком закреплении на районе может идти речь? 10% от тарифной ставки доплата? Если от тарифной ставки первого разряда, то это аж целых три рубля да еще и 33 копейки. А если даже не от первого разряда, а от оклада, тогда дааа, рублей 10, деньжищи прям. Ну а подъемные до 20 базовых на отдельных сельхозпредприятиях — это вообще шикарно. Я надеюсь этих молодых специалистов предупредили, чтобы они не тратили все деньги сразу, потому что следующий «транш» в виде зарплаты «капнет на карточку» (в лучшем случае) ближе к новому году, а то, может быть, и на райповский магазин будет переведен… Вроде про молодежь статья, а какой-то грустью веет от всего этого.

  3. Лучше грустить по дому с деньгами,чем дома без денег.Первое разочарование от диплома специалисты получили,одна радость,что пенсия в 48 или в 63 такая же как и зарплата…вот и все ПЕРСПЕКТИВЫ…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *