Шумилинский район отметил День освобождения от немецко-фашистских оккупантов

Актуалии Край шумілінскі

“Кожны чацвёрты на небе сокал,
Кожны чацвёрты збіт на ляту…”

23 чэрвеня Шумілінскі раён адзначыў Дзень свайго вызвалення ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Мерапрыемствы з гэтай нагоды прайшлі ў аграгарадку Башні.
Да брацкіх могілках у цэнтры аграгарадка ідуць башнёўцы – сем’ямі і па аднаму, аўтобусы падвозяць дэлегацыі з райцэнтра, ад Башнёўскай школы крочаць вучні, яны нясуць гірлянду з хвоі і півоняў…
Свята пранізана пранікнёнымі вершамі і песнямі, у кожным радку – смутак і памяць, гонар і пашана.
“Кожны чацвёрты на небе сокал, кожны чацвёрты збіт на ляту…” – словы з песні вакальнай групы Шумілінскага РЦК узлятаюць над помнікам з выявай салдат-абаронцаў трох пакаленняў: дзеда, сына, унука.
У Шумілінскім раёне ў гады вайны загінуў кожны трэці, фашысты знішчылі 133 вёскі з 342, сем вёсак спалілі разам з жыхарамі… Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава у сваёй прамове на мітынгу называе лічбы, якія свядомасць адмаўляецца прымаць. Расказвае і пра той дзень 23 чэрвеня 1944 года, калі пасля доўгіх кровапралітных баёў над адзіным уцалелым будынкам Шуміліна, будынкам чыгуначнага вакзала ўзвіўся чырвоны пераможны сцяг. Якой цаной далася перамога! За вызваленне Шумілінскага раёна 106 воінаў Савецкай Арміі атрымалі званне Героя Савецкага Саюза, на шумілінскай зямлі знайшлі спачын 10 411 чалавек – салдаты, партызаны, падпольшчыкі, мірныя жыхары, закатаваныя фашыстамі…
У фае Башнёўскага сельскага клуба людзі сабраліся каля старэнькага стэнда, зробленага пасля вайны Пятром Аляксеевічам Кібісавым. Былы франтавік і настаўнік Башнёўскай школы сабраў здымкі землякоў-башнёўцаў, якія не вярнуліся з вайны. Глядзіш на гэтыя здымкі і думаеш: колькі чорных трохкутнікаў давялося прынесці мясцоваму паштальёну!

Кожны чацвёрты збіт на ляту ў Беларусі, кожны трэці – у Шумілінскім раёне. А ў сям’і Стральцовых?
Стальцоў Афанас Раманавіч, нарадзіўся ў 1909 годзе, загінуў восенню 1943 года ў партызанскім атрадзе;
Стральцоў Іван Раманавіч, нарадзіўся ў 1911 годзе, загінуў восенню 1943 года ў партызанскім атрадзе;
Стальцоў Максім Раманавіч, нарадзіўся ў 1917 годзе, загінуў восенню 1943 года ў партызанскім атрадзе;
Стальцоў Васіль Раманавіч, нарадзіўся ў 1921 годзе, загінуў восенню 1943 года ў партызанскім атрадзе;
Стральцоў Пётр Мікітавіч, нарадзіўся ў 1909 годзе, загінуў ў 1945;
Стральцоў Мікалай Мікітавіч, нарадзіўся ў 1910 годзе, прапаў без вестак у 1944…
Стральцова Таццяна Мікалаеўна атрымала шэсць пахавальных вестак, расказвае прыціхлым наведвальнікам загадчыца Башнёўскай бібліятэкі Ала Сафончык, чатыры – на сыноў і дзве на пляменнікаў (маці пляменнікаў немцы забралі ў Германію, і чорныя весткі больш не было каму аддаць). Пасля вайны ад цяжкіх ран памёр муж Таццяны Мікалаеўны. Як можна было гэта перажыць?!
У ганаровым каравуле каля баявых узнагарод П. А. Кібісава застыў Глеб Вясна

Яны перажылі, выстаялі і адрадзілі жыццё на нашай зямлі.
Юнакі і дзяўчаты – нашчадкі Стальцовых і Кібісавых стаяць каля манумента героям-вызваліцелям, у руках трымаюць святыя сямейныя рэліквіі: медаль “За адвагу”, апошняе пісьмо прадзеда з фронту, прастрэленую пілотку, партсігар, які затрымаў кулю на шляху да сэрца салдата, баян, які франтавік пранёс да Берліна… Адзін хлопчык стаіць з пустымі рукамі – сям’я да гэтага часу не ведае, дзе пахаваны іх бацька і дзед, не ведае, дзе ягоная магілка…
Дзеці павінны ведаць, што яны – нашчадкі народа-пераможцы, кажа старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Кацярына Палоўнікава.
Мы выхоўваем пакаленне, якое ведае гісторыю сваёй краіны і бярэ адказнасць за яе будучае, запэўнівае дырэктар Башнёўскай СШ Васіль Зянькоў.
Звяртаючыся да сваіх вялікіх продкаў, дзеці ўсклікаюць:
“Рэха вашага голасу,
Зерне вашага коласу –
Гэта мы!”
Мітынг з хвілінай маўчання, ускладаннем кветак да помніка падыходзіць да завяршэння.
Прысутныя паціху пераходзяць у мясцовы сельскі клуб, дзе дарослых чакае канцэртная праграма і кінафільм “Тры дні да вясны”, а дзяцей – гульнявая праграма і батуты.
А мы гутарым са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Ірынай Новікавай, адрасуем ёй пытанні нашых чытачоў, з якімі яны звярнуліся непасрэдна ў рэдакцыю і на сайт нашай газеты.
– Ірына Мікалаеўна, чаму сёлета раённае свята вырашылі правесці ў Башнях ці гэта пачатак новай традыцыі?
– Так, мы вырашылі, што з гэтага года Свята вызвалення Шумілінскага раёна ад нямецка-фашысцкіх акупантаў будзе праходзіць па аграгарадках і буйных населеных пунктах. У Шуміліне на 9 мая і 3 ліпеня рыхтуецца шмат святочных мерапрыемстваў. Кожны населены пункт Шумілінскага раёна паліты крывёю і заслугоўвае пашаны. Такія святы патрэбны ўсім нам, але найперш моладзі, каб разумець і памятаць сваю гісторыю. Памятаць і разумець.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №49 ад 27.06.2017 г.

.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *