При костёле Фатимской Богоматери действуе группа сестёр милосердия

Общество

“Нам аддзячыць Усявышні”
Нагодай для публікацыі стаў аповед  жыхаркі райцэнтра, нашай даўняй чытачкі Веры Іванаўны Голубевай, якая расказала нам пра сясцёр міласэрнасці касцёла Божай маці Фацімскай.
“Сёстры прыходзяць да мяне па чарзе, пытаюцца, чым могуць дапамагчы, – расказала Вера Іванаўна. – Хаця мне амаль восемдзесят гадоў, але ж, дзякуй Богу, на сваіх нагах. Стараюся спраўляцца сама. Ды ўсё роўна прыемна, калі заходзяць пацікавіцца здароўем, калі знойдуць час пагаварыць са мной, пачытаць малітву. Сёстры вельмі шчырыя і добрыя. Вялікі дзякуй ім. А яшчэ некалькі гадоў дапамагае мне жыхарка райцэнтра Яўгенія Станіславаўна Скляр, добрай душы чалавек. Напрыклад, паклапацілася, каб мне правялі тэлефон. І зараз наведвае кожны тыдзень. Мае “памочнікі” прыходзяць па першаму званку. Нават здаецца, што яны мне родныя”.
Пра сясцёр міласэрнасці чулі мы ўдзячныя словы і ад жыхароў Мішкавіч. Сёстры дапамагаюць адзінока пражываючым, інвалідам, састарэлым людзям. Але афішыраваць сваю дзейнасць не хочуць, фатаграфавацца для газеты – тым больш. “Нам аддзячыць Усявышні, – гаворыць сястра Эмілія. – Дапамагаем людзям не дзеля падзякі, а таму, што гэтаму вучыць Бог, нам прадпісана ганаровая місія, і мы яе выконваем”.
Пры касцёле працуюць тры сястры міласэрнасці – Наталля, Ірына, Эмілія. Яны абслугоўваюць каля паўсотні падапечных па ўсім раёне, больш за ўсё іх у Шуміліне і Обалі. Яны дапамагаюць аднолькава і католікам, і праваслаўным, і няверуючым. А пра тых, каму патрэбна дапамога,  дазнаюцца ад парафіян прыходу і проста ад тых, хто жыве побач з нямоглым чалавекам.
Ордэн “Дочкі міласэрнасці Святога Вікенція дэ Поль” па магчымасці дапамагае медыкаментамі, прадуктамі, але часам не хапае адзення ці, скажам, пасцельнай бялізны. Таму сёстры ўдзячны ўсім жыхарам раёна, якія робяць ахвяраванні.
Сярод падапечных сясцёр міласэрнасці ёсць і цяжка хворыя, ляжачыя людзі. Ім патрэбен асаблівы догляд. Такіх абавязкова наведваюць кожны дзень. Ну, а астатнім пакідаюць свой нумар тэлефона, па якому можна пазваніць, расказаць пра свае праблемы, параіцца ці папрасіць дапамогі.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №52 ад 12.07.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *