Семейный скандал в деревне Сиротино вышел на судебную арену

Общество Происшествия

Калі раўнуюць, бяруць у рукі табурэт?

Разбірацца ў тонкасцях узаемін паміж мужам і жонкай – справа няўдзячная. Паспрабуй даведацца, хто правы, а хто вінаваты, калі імі, як правіла, кіруюць эмоцыі, а не розум. Таму і не прынята лезці ў чужую сям’ю (ва ўсялякім разе, адкрыта). Але калі справа даходзіць да судовага разбору, то схаваць ад чужых вачэй сваё сямейнае жыццё не ўдасца: яго прыйдзецца выставіць напаказ, якім бы непрывабным яно ні было.
Вось і нядаўна бытавы скандал адной сямейнай пары стаў нагодай для правядзення ў вёсцы Сіроціна выязнога судовага пасяджэння, якое сабрала ў сельсавеце нямала вяскоўцаў.
“Жонка павінна слухаць мужа. А то што ж гэта такое – ты ёй слова, а яна табе дзесяць у адказ”, – трансліраваў свае ўяўленні пра сямейны ўклад падсудны. Такі неўтаймаваны жончын нораў можна “лячыць”, як аказалася, толькі з дапамогай табурэта ці іншых цвёрдых, вострых і даволі небяспечных у пэўных абставінах прадметаў тыпу кухоннага нажа. У гэтай сям’і ўжо быў такі вопыт, і, дарэчы, судовае пакаранне, якое атрымаў гэты мужчына, на момант новага здарэння яшчэ не было пагашана.
Суд не азадачваў сябе клопатам высвятляць, чаму жанчына, якая ўжо падвяргалася насіллю з боку мужа, працягвае жыць з ім у адной кватэры, такім чынам рызыкуючы зноў быць бітай. Ды, па праўдзе, нават калі б старшыня суда Алена Сініцкая, якая вяла судовае пасяджэнне, і хацела задаць такое пытанне, то адказу ў любым выпадку не атрымала б – жанчына адмовілася даваць паказанні ў судзе. Як, дарэчы, і ў мінулы раз. Канстытуцыя Беларусі дае такое права. Але ж так і хочацца спытаць: дзе логіка, простая жыццёвая логіка? Ты пакутуеш ад мужавага кулака, перыядычна шукаеш абароны ў міліцыі, раскручваеш карусель, у якой разам з табой “круцяцца” следчыя, суддзя, эксперты, сведкі, агульнымі намаганнямі высвятляючы, біў ён цябе тым чортавым табурэтам ці ўсё ж не. А ў выніку – маўчыш, як рыба, быццам і дачынення да гэтага не маеш. Маўляў, вы самі там неяк разбірайцеся, а я пагляджу.
Гэта маўчанне зацягнула судовы разбор. Мужык у тым, што сварыўся і “стулкай” (так пяшчотна ён называў табурэт некалі сіняга колеру на жалезных ножках) прыціскаў – прызнаўся, а ў тым, што гэтым “стулкам” біў, што душыў за шыю і нажом кухонным размахваў – не. Чаго не было, кажа, таго не было. І экспертызу дадатковую рабілі, і табурэт гэты злашчасны, які столькі шуму нарабіў, у залу судовых пасяджэнняў даставілі – усё для таго, каб дабрацца да ісціны.
У выніку мужчына ўсё ж быў прызнаны вінаватым па артыкуле 186 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і яму было прызначана пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на тры месяцы.
Як працягнецца жыццё гэтых людзей пасля таго, як мужчына адбудзе пакаранне? Разыдуцца, а мо і будуць жыць, як жылі? Будуць хадзіць на працу, вяртацца ў адну кватэру, разам глядзець тэлевізар. Калі-нікалі – паб’юцца: раўнуе ж, а яна не скараецца. Можна і міліцыю зноў выклікаць, калі што, а ў судзе маўчаць. За гэта ж грошай не бяруць… Праглядвае ў гэтай карціне нейкая безнадзейнасць. У людзей замест добрай кнігі ці задушэўнай размовы – “разборкі”, замест музея ці тэатра – камера. Жыццё ж – адно, а шчасце – у дробязях. І калі вы самі не распішаце яго ўсімі фарбамі, то самымі яркімі момантамі вашай біяграфіі могуць стаць міліцыянеры на парозе і паказанні сведак у судах.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №88 ад 14.11.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *