Молодой агроном Мария Морозова на поля едет на УАЗике

Актуалии Молодёжь Экономика

За руль УАЗіка – і на палеткі

Пра што шэпчаць каласы на лаўжанскіх палетках, чаму і калі яны хіляцца долу, калі зацвіце рапс, на якіх палетках чакаць добры ўраджай кукурузы, якое элітнае насенне закупіць для гаспадаркі – пра ўсё гэта добра ведае малады аграном ААТ “Лаўжанскае”  Марыя Марозава.
Пасля заканчэння Лужаснянскага каледжа Марыя прыехала працаваць у свой раён. У ААТ “Лаўжанскае” ёй даверылі пасаду агранома-насеннявода. Працавітасць, дапытлівасць дзяўчыны, яе імкненне да ўсяго дайсці самой, разабрацца ў сваіх і чужых праліках заўважыла кіраўніцтва гаспадаркі. І прапанавала Марыі Марозавай пасаду галоўнага агранома. Стаж маладога спецыяліста невялікі – працуе ўсяго трэці год. Але і за гэты час тэарэтычныя веды, падмацаваныя практыкай, далі свой плён. Тым больш, што дзяўчына завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.
З ранняй вясны да позняй восені галоўны аграном шчыруе на палетках. Рабочы дзень пачынаецца а шостай гадзіне раніцы на палетках і заканчваецца там жа познім вечарам. “Я нарадзілася і вырасла ў вёсцы, з дзяцінства любіла вырошчваць гародніну, а цяпер да яе дадаліся і зерневыя, і кукуруза, і рапс,  – кажа Марыя Марозава. – І мне ўсё гэта вельмі цікава. Аграномам марыла быць яшчэ са школы. Не шкадую, што абрала гэту прафесію – яе вельмі люблю. Гэта ж так здорава –  сачыць, як узыходзяць зерневыя, як наліваюцца каласы, як залатая збажына сыплецца з бункера камбайна ў кузаў машыны”.
Якой бы ні была магутная тэхніка, якім бы элітным насеннем не засявалі палеткі, але жаданага ўраджаю не атрымаеш, калі не будзеш захоўваць тэхналогію. Менавіта ёй спецыяліст удзяляе вялікую ўвагу. Вывучае дадатковую літаратуру, у інтэрнэце знаёміцца з вопытам перадавых гаспадарак, прыстасоўвае да лаўжанскіх умоў. Да тэхналогіі вырошчвання розных культур падыходзіць па-сучаснаму. Заўсёды адстойвае свой пункт погляду, і да яго, трэба адзначыць, прыслухоўваюцца калегі. А як жа не прыслухоўвацца, калі вынікі па намалоце зерневых у ААТ “Лаўжанскае” сёлета – адны з лепшых у раёне (2736 тон, 138% да ўзроўню мінулага года). Добра ў гэтым годзе спрацавалі і па рапсу – яго валавы збор склаў 253 тоны (159% да ўраджаю мінулага года).
Сёння Марыя Марозава ўжо складае планы на наступны год.  Падсумоўвае, колькі трэба пасеяць пшаніцы, жыта і аўсу, а колькі зернебабовых, каб удосталь нарыхтаваць кармоў для жывёлагадоўчага комплексу. Прыйдзе вясна – і Марыя зноў сядзе за руль УАЗіка. Трэба ж агледзець кожнае поле, падрыхтаваць да сяўбы, потым своечасова абараніць пасевы ад шкоднікаў, каб забуялі зерневыя, каб зноў каласы шумелі аб чымсьці сваім, загадкавым.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №89 ад 17.11.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *