Галина Солдатенкова — заботливая мама шестерых детей и отличная доярка

Актуалии Семья Экономика

Калі да работы з душой – яна да цябе з вынікам

Ёсць людзі, якія, аднойчы абраўшы сваю прафесію, застаюцца вернай ёй усё жыццё. Як аператар машыннага даення фермы Макаўе СФГ “Раднік” Галіна Іванаўна Салдаценкава, якая сёлета была ўдастоена ганаровага звання “Жанчына Шуміліншчыны”. Такая пашана – за працавітасць, шчырасць, добрыя поспехі ў рабоце.
А поспехамі Галіна Іванаўна сапраўды можа пахваліцца. Валавы надой у яе групе, якая налічвае паўсотню рагуль, за верасень-кастрычнік склаў больш за 190 тон, надой на адну карову – 3985 кілаграмаў. Гэта адзін з лепшых вынікаў у раёне. Сваёй працай жанчына паказвае: можна мець нядрэнныя поспехі ў рабоце і ва ўмовах традыцыйнай малочнатаварнай фермы, галоўнае, каб вытворчы працэс адпавядаў усім патрабаванням.
Пра гэтыя патрабаванні і вынікі сваёй работы нам расказала сама Галіна Салдаценкава: “Нічога звышасаблівага. Працу сваю трэба любіць, паважаць людзей, з якімі рупішся, добрасумленна адносіцца да сваіх абавязкаў. Немалаважную ролю адыгрывае захаванне тэхналогіі кармлення, даення і ўтрымання кароў. Адным словам, калі да работы з душой – яна да цябе з вынікам”.
Гэтага прынцыпу жанчына прытрымліваецца больш за дваццаць гадоў – столькі працуе на ферме Макаўе. За гады работы прывыкла ўставаць раней за сонца. А палове чацвёртай гадзіны раніцы, калі яшчэ дрэмле самы галасісты певень, яна ўжо на нагах.  Летам першая дойка пачынаецца а пятай гадзіне раніцы. Да гэтага жанчыне трэба справіцца дома па гаспадарцы, прыгатаваць сняданак. Галіна Іванаўна з усім гэтым упраўляецца спрытна. Такая ж яна і на рабоце. Пра сваіх кароў ведае ўсё: пра надоі, ацёлы, тлустасць малака. Да кароў адносіцца не толькі з належным доглядам, але і з ласкай. Кожную карову называе па мянушцы. “Не думайце, што калі каровы рабыя, дык яны ўсе аднолькавыя, – усміхаецца жанчына. – Іх жа можна распазнаць па рагах, адценні, вымені. У кожнай маёй рагулі ёсць свая мянушка – яе падбірала з улікам нораву і масці”.
Вось так цёпла і проста расказвае жанчына пра сваіх падапечных. Такія ж шчырыя словы знайшла і пра дзясятак маленькіх гадаванцаў – цялятак яна даглядае месяц, пакуль яны не вырастуць да паўсотні кілаграмаў.  Корміць іх і поіць, чысціць і беліць клеткі. І цяляты растуць здаровымі і гладкімі.
Загадчыца фермы Макаўе Таццяна Масько з павагай кажа: “Наша Галіна Іванаўна малайчына, яна прафесіянал сваёй справы. Яна і кароў выявіць у ахвоце, і заўважыць, калі рагуля захварэла, і прасочыць, ці добра працуе кормараздатчык, ці належная трава на пашы”.
Дарэчы, Г. І. Салдаценкава не толькі шчыры работнік, але і клапатлівая жонка, і мнагадзетная маці, якая нарадзіла і выхавала шасцярых дзяцей.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №91 ад 24.11.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *