Участники рейда посоветовали пожилым людям не быть излишне доверчивыми

Безопасность Общество

“Увага – узрост!”

Пажылы чалавек, які пражывае адзін, часта адчувае сябе безабаронным. Менавіта такая катэгорыя грамадзян часцей церпіць ад злодзеяў: нямоглага і даверлівага лягчэй абрабаваць. З мэтай прафілактыкі правапарушэнняў супраць пажылых супрацоўнікі РАУС правялі на мінулым тыдні спецыяльны комплекс мерапрыемстваў “Увага – узрост!”.

Мабільная група, у склад якой уваходзілі міліцыянеры, прадстаўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях, бальніцы, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, наведала адзінока пражываючых пажылых людзей. Акрамя гэтага, супрацоўнікі РАУС правялі некалькі рэйдаў, падчас якіх расказвалі пра метады і спосабы абароны сваёй маёмасці. У адным з такіх рэйдаў разам з начальнікам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Вячаславам Воранавым пабывала і карэспандэнт раённай газеты.
“Задача міліцыі – папярэдзіць людзей шаноўнага ўзросту, каб не былі даверлівымі, правесці прафілактычныя гутаркі з асобамі асацыяльных паводзінаў, – кажа Вячаслаў Мікалаевіч. –  29 чалавек, якія стаяць на рознага роду прафілактычных уліках, пражываюць з пажылымі грамадзянамі. Менавіта ў такіх сем’ях выпівоха-сын можа адабраць грошы ў старых бацькоў ці прыгразіць ім кулаком. Таму прыходзіцца быць пільнымі”.
Наведалі некалькі такіх сем’яў у Шуміліне і Светласельскім.  У Крупчыне, дзе пражываюць у асноўным пенсіянеры, супрацоўнік РАУС папярэдзіў жыхароў: “Не адчыняйце дзверы чужым! Зараз рана цямнее, злодзеі ведаюць, дзе жывуць пажылыя людзі. У мінулыя гады ў раёне бывалі выпадкі, калі незнаёмыя заходзілі ў дом быццам бы вады папіць, а потым грошы ў гаспадароў прападалі”. В. М. Воранаў раздаваў пажылым лістоўкі, прасіў старэйшыну вёскі Л. М. Осіпаву, а таксама сацыяльных работнікаў тлумачыць пенсіянерам пра бяспеку жыцця і маёмасці.
Жыхары вёскі Каравайніца аказаліся вельмі цікаўнымі і мелі да супрацоўніка РАУС шмат пытанняў. Па іх просьбе В. М. Воранаў расказаў пра крымінагенную абстаноўку ў раёне. Заўважыў, што сёлета на Шуміліншчыне ў адносінах да пажылых грамадзян здзейснена 21 злачынства (пераважна крадзяжы), а летась было 35. На пытанне міліцыянера, як трэба абараняць сваю маёмасць, адна пажылая жанчына адказала: “Ведаем мы ўсё – тэлевізар жа глядзім. Я нават днём зачыняю дзверы на кручок. У нас пакуль ціха, але беражонага бог беражэ”.
Падчас рэйду В. М. Воранаў абследаваў домаўладанні наконт пажарнай бяспекі (спраўнасць печак, наяўнасць пажарнага апавяшчальніка, стан праводкі), нагадаў аб правілах іх эксплуатацыі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №94 ад 05.12.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *