Доска почета Шумилинского района: Наталья Лисовская

Актуалии Общество Экономика

Пра дэбет з крэдытам і сямейныя традыцыі
На парозе снежань – канец квартала, канец каляндарнага года, пара шматлікіх бухгалтарскіх справаздач, эканамічных прагнозаў на новы год. Шмат спраў у Наталлі Пятроўны Лісоўскай, галоўнага бухгалтара Шумілінскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Але ж яна не навічок у свеце лічбаў і працэнтаў. Толькі ў РЦГЭ працуе 18 год, а да гэтага быў калгас імя Чапаева, саўгас “Мішневічы”.
У Мішневічах, дарэчы, яна не супраць была і надоўга затрымацца. Там ёй далі кватэру ў новым доме, потым замуж выйшла, усё складвалася добра. Толькі ў новых шматкватэрных дамах не працавала цэнтральнае ацяпленне, і паступова людзі пачалі высяляцца.
Сям’я  Лісоўскіх знайшла сталую прапіску ў Шуміліне, а дакладней у аграгарадку Светласельскі, дзе гаспадар атрымаў жыллё.
Пасля сельскагаспадарчай загартоўкі работа ў бюджэтнай арганізацыі для Наталлі Пятроўны не хавала ніякіх таямніц. Калі б яшчэ фінансаў на ўсё хапала, усміхаецца бухгалтар, зусім было б добра, вось сродкі патрэбны на рамонт, на новую машыну, на іншыя патрэбы. Хаця ці многія арганізацыі могуць сёння пахваліцца дастатковым фінансаваннем? Цэнтр і сам зарабляе, аказваючы санітарна-гігіенічныя паслугі, грошы паступаюць на гаспадарча-разліковы рахунак, машыну за іх не купіш, але хоць на запчасткі.
Пэўна, галоўны бухгалтар мае свае сакрэты фарміравання бюджэту, у тым ліку і сямейнага, і мы цікавімся, ці ўдаецца прафесіяналу весці ўласны бюджэт без пазык і крэдытаў.
“Не выходзіць, – разводзіць рукамі Наталля Пятроўна,  – крэдыты бяром – на новы матаблок, на мэблю, ды і сына трэба вучыць, ён студэнт трэцяга курса Полацкага дзяржуніверсітэта”.
Але гутарка не толькі пра работу, пра дэбет з крэдытам. Мы пагаварылі таксама пра ажурныя шалі. Аказалася, што такую прыгажосць, якая была на нашай гераіні, яна вяжа сама. Не маглі не закрануць і падрыхтоўку да Новага года, навагодняе меню.
Навагодняе свята Лісоўскія будуць сустракаць усёй сям’ёй, дачка прыедзе з зяцем і з маленькай унучкай, сын-студэнт. А што на стол? Ды як ва ўсіх – салату “аліўе”, як жа без яе, любімую дзецьмі “курыцу на бутэльцы”, дамашнія разнасолы, вырашчаныя на дачы ў Хацілаве.
На парозе новага 2018 года кожны з нас азірнецца назад, акіне поглядам зробленае, ацэніць дасягненні. У Наталлі Лісоўскай ёсць усе падставы быць задаволенай 2017 годам: у сям’і парадак, на рабоце павага, у грамадстве пашана – не дарэмна ж яе партрэт красуецца на раённай Дошцы гонару.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №94 ад 05.12.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *