Доска почёта Шумилинского района: Ирина Жогаль

Актуалии Общество Экономика

Калі праца ў задавальненне

На раённую Дошку гонару занесена прозвішча Ірыны Марцінаўны Жогаль, цялятніцы ААТ “Ляжні”. На працягу апошніх пятнаццаці гадоў сярэднясутачныя прывагі цялят у яе каля 700 грамаў, і мінулы год – не выключэнне.
І. М. Жогаль цялятніцай у “Ляжнях” працуе 24 гады. Працуе так, як раней працавала яе маці, Ульяна Рыгораўна Халсціннікава – шчыра і адказна. “Добра памятаю, як мяне, шасцігадовую дзяўчынку, маці брала з сабой у цялятнік, – успамінае Ірына Марцінаўна. – Відаць, з тых часоў у мяне любоў да гэтай працы. І да сённяшніх дзён словы маці “цяляткі, нібы дзіцяткі, да іх з душой трэба падыходзіць” для  мяне самыя галоўныя”.
Зараз у Ірыны Марцінаўны 133 “падапечныя”, узрост якіх ад аднаго да шасці месяцаў. Асабліва даспадобы жанчыне вазіцца з самымі маленькімі цёлачкамі. “Некалькі дзён трэба, каб прывучыць месячных цялят да кармлення, – расказвае цялятніца. – Яны ў гэты час бездапаможныя, і ў табе бачаць галоўнага абаронцу і надзею. А праз некалькі тыдняў літаральна на вачах пачынаюць расці. Вельмі  люблю сваю работу. У цялятнік заўсёды заходжу з добрым настроем і жывёла гэта адчувае.
Работа цялятніцы – не з лёгкіх. У гэтым плане Ірыне Марцінаўне пашанцавала – разам з ёй працуе і яе муж  Ігар Уладзіміравіч. Жанчына прызнаецца, што значна лягчэй працаваць, калі побач ёсць блізкі чалавек, які заўсёды падстрахуе і дапаможа.
Сям’я – вось, сапраўды, тое, што для Ірыны Марцінаўны мае найвялікшую каштоўнасць. Так, яна можа доўга расказваць пра сваю работу, яна сапраўдны прафесіянал, але ж, калі пачынаем гаварыць пра сям’ю, у яе зіхацяць вочы і лёгкая ўсмешка прабягае па вуснах. У сям’і Жогаль двое сыноў, старэйшы з сям’ёй жыве ў Віцебску, меншы служыць ва ўнутраных войсках. Новы год – самае галоўнае і любімае свята,  калі  ўсе збіраюцца ў бацькоўскім доме. Прыязджае і шасцігадовая ўнучка Дамініка, у якой бабуля і дзядуля душы не чуюць. Яны ўжо зараз ведаюць, што пад навагоднюю ёлачку пакладуць для ўнучкі горны веласіпед, пра які дзяўчынка так марыць.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №97 ад 15.12.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *