МТЗ і Шумілінская гімназія – разам назаўжды

Актуалии Образование Экономика

МТЗ і Шумілінская гімназія – разам назаўжды

Сяброўскім сувязям мацнець – гэта зразумела дырэктар раённай гімназіі Ларыса Маладзечкіна, калі у адзін цудоўны дзень атрымала тэлефанаванне з Мінскага трактарнага завода. Тут варта ажывіць падзеі канца мінулага года, калі вучні гімназіі ездзілі ў госці на галоўны завод краіны і вярнуліся адтуль з неверагодным падарункам – трактарам. І гэта не ўсе навагоднія сюрпрызы, на якія аказаўся шчодрым завод. Карацей, такога Новага года ў дзяцей і настаўнікаў гімназіі яшчэ не было.
І вось падыходзіць да канца год бягучы, і Ларыса Уладзіміраўна з пачуццём лёгкага смутку разумее, што падарыць такую феерыю сёлета яна дзецям ужо не зможа. А хочацца ж. І тут раздаецца той самы тэлефонны званок – МТЗ зноў запрашае ў госці шумілінскіх гімназістаў. Можна ўявіць радасць і дырэктара, і вучняў ад такой па-навагодняму нечаканай і шыкоўнай навіны.
І ўвесь апошні час гімназія толькі і жыве прадчуваннямі хуткага падарожжа ў Мінск. Рыхтуюцца ўсе. А ў мінулы чацвер на Шуміліншчыну завітала дэлегацыя Мінскага трактарнага завода для таго, каб бліжэй пазнаёміцца са сваімі новымі сябрамі, каб даведацца пра гімназію як мага больш. Госці былі ўражаны усім, пачынаючы ад неверагодных, проста казачных заснежаных соснаў і, наогул, мясцовых краявідаў, і заканчваючы слоікамі мёду ад “гімназічных” пчол у падарунак.
Гасцей сустракалі па традыцыі з хлебам і соллю, зрабілі для іх падрабязную экскурсію па гімназіі таксама не без сюрпрызаў.

Прад’явілі ў дзеянні іх мінулагодні падарунак: трактар паказаў на што здатны, умомант расчысціўшы ад снегу дарожку, што вядзе да гімназічнага ганка. Л. У. Маладзечкіна расказала, што ніякіх праблем са снежнымі гурбамі ў іх цяпер няма, больш таго, гімназія дапамагае яшчэ і вёску ўтрымліваць у парадку. Гаварыць пра незаменнасць такога памочніка на вялікім школьным агародзе, з якога гімназія корміцца ўзімку, і наогул не прыходзіцца.
Таксама гасцей запрасілі ў віртуальны музей, дзе можна было даведацца не толькі пра гісторыю навучальнай установы, але і пра багатае мінулае самой вёскі Лескавічы. Пра дасягненні, поспехі і здабыткі, пра ўнікальнасць Шумілінскай гімназіі, пра планы і мары – гаварылі пра ўсё. Запрашалі ў госці зноў, расказвалі, як прыгожа ў вёсцы летам.

Ну а 28 снежня гімназісты (абавязкова едуць выпускнікі і тыя вучні, што дабіліся найбольшых поспехаў у вучобе і навуковай дзейнасці) сядуць у аўтобус і адправяцца на МТЗ. Там іх чакаюць сюрпрызы, а якія – раскрываць пакуль не будзем. У пачатку наступнага года мы напішам падрабязны рэпартаж з гэтага падарожжа.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №100 ад 27.12.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *