Золотой лесной фонд растёт в Полтево

Актуалии Экология Экономика

Тут нараджаецца лес

Самі работнікі лясгасу называюць гэты ўчастак работы самым дарагім і каштоўным, што ёсць у лясгасе. Я пра пітомнік у Полцеве, месца, дзе нараджаецца лес. Той залаты лесааднаўленчы фонд, без якога лясгасу, па вялікаму рахунку, няма сэнсу існаваць наогул.
“Чаму месцам прапіскі гадавальніка абрана менавіта Полцева?” – пытаюся ў галоўнага ляснічага “Шумілінскага лясгаса” Дзмітрыя Падлешчука. Прыдзвінне, адказвае ён, пясок. А гэта дужа прыдатная, можна сказаць, ідэальная для хваёвых дрэў зямля. І сёння пад пасадкі адведзена пакуль 8 гектараў зямлі. У ідэале хацелася б леснікам мець да 15 гектараў. Сёлета лясгас папрасіў у мясцовай сельскай гаспадаркі ў арэнду дадатковыя плошчы. Гаспадарка пайшла насустрач. І работнікі лясгаса пасадзілі тут хваёвыя пароды і лісцевыя: дуб, ясень, бярозу.
У гадавальніку, скажу я вам, ідэальны парадак: усё мае дагледжаны і прэзентабельны выгляд. І гэта дзякуючы майстру Сяргею Пятровічу Басаву – вопытнаму аграному, які ўвесну ўзяў пад сваю ахову і абарону ўчастак. І практычна давёў яго да ладу. Ужо сёлета гадавальнік у Полцеве прайшоў атэстацыю, а гэта дарагога каштуе: значыць, праведзены вельмі маштабны і сур’ёзны комплекс работ. У дапамогу С. П. Басаву з красавіка і па канец кастрычніка ў гадавальніку шчыруюць восем сезонных рабочых. Увесь працэс, можна здагадацца, ручны: пасадка, праполка, прарэджванне, перасадка. Толькі глеба рыхтуецца механізавана. У планах, падзяліўся майстар гадавальніка, механізаваць ручную працу, дзеля гэтага мараць у самы бліжэйшы час набыць некаторыя прылады.
На ўчастку ўсё робіцца па тэхналогіі, расказвае Сяргей Пятровіч, праводзячы экскурсію па тэрыторыі. Спачатку парасткі трапляюць у пасяўное аддзяленне, дзе жывуць ад аднаго да двух год (залежыць ад гатунка саджанца), пускаюць карані, адаптуюцца. Потым “перасяляюцца” ў школьнае, дзе набіраюць моц і становяцца тым самым матэрыялам, які не страшна адправіць у самастойнае дарослае жыццё. Тое, з чаго вырасце сапраўднае дрэва, з чаго вырасце лес. У кожным аддзяленні прадугледжаны і папар, зямля, якая адпачывае перад тым, як узяць на “гадаванне” парастак ці саджанец елкі, хвоі ці ядлоўца.
У гадавальніку зараз вырошчваюцца елка звычайная еўрапейская, хвоя палепшаная, некалькі відаў ядлоўца. Ведаючы вялікі попыт на лісцевыя, заняліся і іх вырошчваннем.
Гэтая восень была для шумілінскага лясгаса грашовай: ад продажу ў віцебскія і магілёўскія лясгасы хваёвых саджанцаў зарабілі 40 тыс. рублёў. “На наступны год аб’ёмы продажу плануем павялічыць, – прызнаецца галоўны ляснічы Дзмітрый Падляшчук. – Дзеля гэтага так плённа і працуем”.
Снег толькі нядаўна прыкрыў тонкім покрывам маладзенькія саджанцы. Так ім цяплей і надзейней, так больш шанцаў перажыць зіму, каб увесну парадаваць новым ростам, новымі парасткамі. Каб потым набрацца сіл і адправіцца ў лясы. А каму “пашанцуе” – і на навагоднія кірмашы.
Алена КАРПУШЭНКА.
На здымку: галоўны ляснічы лясгаса Д. Л. Падляшчук і майстар гадавальніка С. П. Басаў.
Надрукавана ў №100 ад 27.12.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *