День пожарной службы: готовы к любым неожиданностям

Актуалии Общество

Гатовы да любых нечаканасцяў
Дзень пажарнай службы – 25 ліпеня – Дзмітрый Красоўскі святкуе ў сёмы раз. Менавіта столькі працуе ў пажарнай аварыйна-выратавальнай часці г. п. Шуміліна.
“Яшчэ ў выпускным класе ў насценнай газеце намаляваў сябе ў пажарнай касцы, – усміхаецца Дзмітрый. – Пра гэту прафесію марыў заўсёды, хоць і вывучыўся на юрыста ў Полацку. Выратавальнікі – людзі вынослівыя, моцныя, смелыя. Адным словам, сапраўдныя мужчыны. Хацелася быць і самому такім”. Гэта атрымалася. Пасля заканчэння каледжа Дзмітрый ўладкаваўся ў пажарную часць вадзіцелем. Неўзабаве паступіў у Мінскі камандна-інжынерны інстытут, які сёлета паспяхова закончыў.
“Сумяшчаў работу і вучобу, тэорыю мацаваў практыкай, гэта для мяне было вельмі карысна, – прызнаецца Дзмітрый Красоўскі, – тым больш, што два апошнія гады працую камандзірам аддзялення. А тут вельмі многа нюансаў: адчуваеш вялікую адказнасць і за сваіх работнікаў, і за тушэнне пажару, і за афармленне дакументацыі. Выпрацоўваеш сілу волі ў сябе і вучыш гэтаму іншых”.
А сіла волі дарэчы. Дзмітрый і зараз памятае першыя выезды на пажары, перад вачыма стаіць палаючы дом у вёсцы Улазавічы, полымя было настолькі моцным, што нават шкло на касцы плавілася ад гарачыні… Для маладога пажарнага гэта было выпрабаваннем. Але цяпер ён упэўнены ў сабе, гатовы да любых нечаканасцяў.
“Вось такія прафесіяналы працуюць у нашым калектыве, – гаворыць намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях В. Г. Усцюгоў. – А Дзмітрыя Красоўскага мы рыхтуем на пасаду начальніка каравула. Справіцца, не сумняваемся”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №55 ад 22.07.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *