101: прыйсці на дапамогу любой цаной

Безопасность

101:  прыйсці  на  дапамогу  любой  цаной

Да трагедыі ніколі не бываеш падрыхтаваным загадзя. Бяда быццам знарок падгадвае той момант, калі ты асабліва неабаронены. І толькі выратавальнікі не могуць дазволіць сабе разгубіцца нават у самай складанай сітуацыі, бо ведаюць, што і хвілінная замінка можа каштаваць жыцця. І сёння мы можам павіншаваць больш за паўсотню супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях з Днём выратавальніка.
Многія з нас, у чарговы раз махнуўшы рукой на ўласную бяспеку,  прывычна спадзяюцца на тое, што “авось і пранясе”, што непрыемнасці здараюцца з іншымі. І толькі выратавальнікі ведаюць цану кожнай непатушанай цыгарэты, забытай на пліце кашы, той “хвілінкі”, на якую было пакінута дзіця. А мы ўсё ніяк не адрамантуем праводку, усё спадзяемся на трываласць печкі, па якой даўно плача рамонт, выходзім на тонкі лёд, смела адпраўляемся ў незнаёмы лес за ягадамі ці грыбамі – мы пастаянна рызыкуем, на сто працэнтаў упэўненыя ў выратавальным 101. А выратавальнікі сапраўды і днём, і ноччу знаходзяцца ў поўнай баявой гатоўнасці, быццам толькі і чакаюць нашага тэлефанавання.
Намеснік начальніка РАНС Іван Маскалькоў расказаў, што за мінулы год на тэрыторыі нашага раёна адбылося 19 пажараў, на якіх загінулі 2 чалавекі. Усяго выратавальнікамі было здзейснена 210 баявых выездаў. У тым ліку, напрыклад, больш за 60 разоў даводзілася выязджаць на гарэнне смецця ці ежы на пліце, каля сотні выездаў было па сігналізацыі “Маланка”, 25 разоў выязджалі на ліквідацыю гнёздаў джаланосных насякомых. Спяшаўся на дапамогу ўкамплектаваны ўсім неабходным пажарны МАЗ і на ДТП, і на разбіты градуснік, і для таго, каб аказаць нейкую іншую дапамогу людзям ці арганізацыям. Мокрае лета пазбавіла пажарных неабходнасці змагацца з палаючай сухой травой – быў зафіксаваны толькі адзін выпадак узгарання сухой расліннасці. Лясных і тарфяных пажараў наогул дапушчана не было.
Летась на ўзбраенне ў аддзел паступіла новая тэхніка. Дарэчы прыйдзецца пажарнаму пасту ў Мішневічах новы дзесяцітонны МАЗ і пажарная мотапомпа. Цяпер аддзел поўнасцю ўкамплектаваны абсталяваннем для выратавання на вадзе як у летні, так і ў зімовы перыяд – з’явіліся два гідракасцюмы так званага мокрага тыпу, якія дазваляюць ныраць пад ваду, і іншае абсталяванне.
Выратавальнікі пастаянна адточваюць сваё прафесійнае майстэрства. За мінулы год работнікамі аддзела было праведзена 10 планавых і 2 пазапланавыя тактыка-спецыяльныя вучэнні, каля дзвюх соцень тактыка-спецыяльных заняткаў (з іх 40 у начны час), 24 трэніроўкі на паласе псіхалагічнай падрыхтоўкі і ў дымакамеры, 219 заняткаў і адпрацовак нарматываў па пажарнай аварыйна-выратавальнай падрыхтоўцы. Гэта пацвярджае той факт, што ніколі на выклік 101 да вас не прыедзе непадрыхтаваны спецыяліст.
Гартаваць дух і цела дапамагае агульнае захапленне спортам і арыентацыя на здаровы лад жыцця супрацоўнікамі аддзела, ад маладых да самых вопытных. Спартыўна-масавая работа арганізавана тут на высокім узроўні. Хлопцы з поспехам удзельнічаюць ва ўсіх раённых спартыўных мерапрыемствах. Сведчанне гэтаму і Дыплом I ступені, якім раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях быў узнагароджаны за лепшую пастаноўку спартыўна-масавай работы сярод арганізацый раёна па выніках мінулага года. Удзел у абласной спартакіядзе УМНС найбольш высокія вынікі прынёс у конкурсах: “Лепшы вадзіцель” (Вадзім Купрыянаў – 2 месца ў рэспубліцы), рывок гіры (Іван Маскалькоў – 1 месца), лёгкаатлетычны крос (Іван Маскалькоў – 3 месца). У абласным чэмпіянаце па валейболе ў складзе зборнай УМНС, заняўшай 1 месца, гуляў Дзмітрый Бяззубенка.
Супрацоўнікі РАНС з гонарам нясуць званне выратавальніка, і ў асабістым жыцці дэманструючы высакародныя чалавечыя якасці. Яны шануюць ветэранаў службы, аказваюць усялякую дапамогу былым супрацоўнікам РАНС, рэгулярна праводзяць сустрэчы. Кіраўніцтва аддзела на чале з начальнікам А. І. Сасновічам бывае ў гасцях у ветэранаў-выратавальнікаў з нагоды юбілеяў і іншых важных дат.
“Мы заўжды гатовы прыняць у свой калектыў новых супрацоўнікаў, – заўважыў намеснік начальніка РАНС Дзмітрый Красоўскі, – гэта павінны быць адказныя, дысцыплінаваныя, вынослівыя людзі, гатовыя працаваць у камандзе”.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №6 ад 19.01.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *