Счастье семьи Васковских

Семья

А разам заўсёды шпарчэй
Пасля працоўнага дня Аляксей і Наталля Васкоўскія прыселі на канапу, радуючыся, што нарэшце ёсць хвілінка адпачыць, пабыць разам, пагаварыць. Такое ў будні дзень здараецца нячаста, бо Аляксей пазменна працуе аператарам газіфікаванай печкі
на Обальскім керамічным заводзе.
Васкоўскія самі з Обалі, з сем’яў працаўнікоў. З павагай да людзей і да працы іх вучылі жыць бацькі, так прынята сярод родзічаў і блізкіх.
Наталлі, можна сказаць, пашанцавала. Па волі лёсу ўсё склалася неяк гладка з самага пачатку. Яе сям’я  пераехала ў Обаль з Казахстана, а бацькі Аляксея вярнуліся ў пасёлак з Прыбалтыкі. Наталля і Аляксей закахаліся. Чароўныя вечары спатканняў, першыя пацалункі… Потым было вяселле, пачаліся штодзённыя будні. Але яны не напалохалі і не засмуцілі маладых. Разам з будаўніцтвам кааператыўнай кватэры будавалі і планы на будучае…
Сёння ў Наталлі і Аляксея двое дзетак. Таццяне трынаццаць гадоў, Вове – чатыры. “Дзеці ў нас дружныя. Мы любім бавіць час усе разам, – гавораць Васкоўскія. – Глядзець цікавы фільм, гуляць у дартс, палоць і паліваць градкі, паліць лазню ў бабулі, гатаваць салаты – усё робім разам. Гэта аб’ядноўвае”. Калі жонцы нездаровіцца, ініцыятыву ў свае рукі бярэ Аляксей. Ён і прыбярэ, і абед прыгатуе. Як расказалі дзеці, асабліва “класная” ў яго атрымліваецца падліва – з мясам ці каўбасой.
Шчыра радуюцца Васкоўскія за сваю дружную сям’ю, за поспехі дзяцей. Маленькі Вова любіць гуляць у машынкі, корпацца з пад’ёмным кранам, які “падарыў Дзед Мароз”. У Таццяны, якая перайшла ў восьмы клас, больш сур’ёзныя дасягненні. Апроч вучобы яна займаецца ў музычнай школе. Юная піяністка неаднойчы прымала ўдзел у абласным фестывалі маладых выканаўцаў у Полацку. Запрашалі і на фестываль піяністаў у Мінск, адкуль вярнулася з дыпломам. Хапае дзяўчынцы часу і на вучобу – яна выдатніца, удзельніца і пераможца адразу некалькіх алімпіяд. Настойлівасці і працалюбству Тані можна толькі пазайздросціць: вось і зараз, калі аднакласнікі адпачываюць, яна рыхтуецца да алімпіяды па беларускай мове.
“Мне з бацькамі пашанцавала, – кажа Таня. – Яны ў мяне сучасныя. Не сквапныя і не зануды. Не давяць на мяне, каб сядзела над урокамі, лічацца з маёй думкай. Можа, менавіта гэта мне і дапамагае. Мне самой цікава вучыцца, рыхтавацца і перамагаць. Асабліва люблю матэматыку –  заняла летась першае месца ў раённай алім-піядзе”. Бацькоў радуюць поспехі дачкі. Яны ўпэўнены, што і сын ім будзе дарыць толькі радасці.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №56 ад 26.07.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *