В Шумилино прошёл конкурс «Песни юности наших отцов»

Культура Новости

Папулярнасць конкурсу будзе расці

4 лютага ў Шумілінскай дзіцячай школе мастацтваў прайшоў раённы агляд-конкурс маладых выканаўцаў патрыятычнай песні “Песні юнацтва нашых бацькоў”.
Паказаць свае вакальныя здольнасці і артыстычнасць выказалі жаданне 20 канкурсантаў ва ўзросце ад 16 да 31 года. Па ўмовах конкурсу кожнаму ўдзельніку прыйшлося выйсці на сцэну двойчы: у першым аддзяленні канкурсанты выконвалі песню грамадзянска-патрыятычнай тэматыкі, а ў другім – шлягер 1931-2006-х гадоў. Пераможцы вызначаліся ў дзвюх намінацыях “Саліст-вакаліст” і “Вакальны ансамбль”. Як і раней, пры вызначэнні лепшых ацэньваўся ўзровень выканаўчага майстэрства, артыстычнасць і сцэнічная культура.
Існуюць такія музычныя кампазіцыі, якія не страцілі сваёй папулярнасці і па-сапраўднаму заслугоўваюць народнай любові. Таленавітыя канкурсанты нагадалі пра гэта яшчэ раз. Канцэрт прайшоў на адным дыханні, нягледзячы на тое, што доўжыўся 2,5 гадзіны.
Членам журы нялёгка было вызначыць пераможцаў: выбраць нумары, якія прадставяць наш раён на адборачным туры абласнога фестывалю патрыятычнай песні, які адбудзецца ўжо праз тыдзень.
І вось вынікі конкурснай праграмы падведзены. Прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам. У намінацыі “Саліст-вакаліст” першае месца атрымала Кацярына Трафімчык (ОКЗ), другое месца падзялілі Дар’я Кудлаёва (Обальскі ГДК) і Валерыя Шашкова (ДШМ), трэцяе месца ў Вадзіма Цітова (Мішневіцкі СК).
У намінацыі “Вакальны ансамбль” другое месца прысудзілі дуэту з Обальскага ДК у складзе Вольгі Войчанкі і Дар’і Кудлаёвай, першае і трэцяе месцы ў гэтай намінацыі журы вырашыла не прысуджаць.
Яркімі атрымаліся выступленні іншых канкурсантаў. Былі вызначаны пераможцы дадатковых намінацый. У намінацыі “Паспяховы дэбют” перамог малады спецыяліст УП ЖКГ Антон Баранаў. “Лепшае выкананне патрыятычнай песні” атрымалася ў Лізаветы Гаралевіч (СШ №1). У намінацыі “Прафесійнае выкананне” была ўзнагароджана Вераніка Сакалова (ДШМ). За “Лепшы шлягер” прыза ўдастоена Ганна Каламіец (РЦК) з кампазіцыяй “Песня застаецца з чалавекам”. “За артыстычнасць” уручылі дыплом салістцы аўтаклуба Алене Летуноўскай. Прыз глядацкіх сімпатый бясспрэчна дастаўся Алене Бражэнскай (дзіцячы сад №1).
Усе пераможцы атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі.
“Зразумела, што папулярнасць конкурсу будзе расці, паколькі гэта добрая магчымасць для творчай моладзі заявіць пра сябе”, – адзначыла старшыня журы Валянціна Навіцкая, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Вольга КОЦІКАВА, г. п. Шуміліна.
Надрукавана ў № 11 ад 06.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *