Депутат Виктор Мирош держит отчёт перед избирателями

Актуалии

Пра законы, міжнародную дзейнасць і сустрэчы з выбаршчыкамі

Завяршыўся першы год работы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. Пра вынікі работы ў парламенце расказвае дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Гарадоцкай выбарчай акрузе №21 Віктар Вікенцьевіч Мірош.
– Віктар Вікенцьевіч, работа члена парламента заключаецца, у першую чаргу, у законатворчай дзейнасці. Прайшло крыху больш за год, як вы пачалі працаваць у якасці дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Раскажыце, што зроблена за гэты час, над якімі законапраектамі працавалі?
– На трох праведзеных сесіях Палаты прадстаўнікоў дэпутатамі было прыняты больш за 60 законапраектаў, прынята да ведама 5 дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
На апошняй сесіі важнейшым пытаннем было прыняцце пакета дакументаў, якія вызначаюць рэалізацыю бюджэтна-падатковай палітыкі ў 2018 годзе, накіраванай на стварэнне фінансавых умоў падтрымкі рэальнага сектара эканомікі, павелічэнне выдаткаў на важнейшыя сацыяльныя мерапрыемствы, павышэнне зарплат і пенсій, іншыя сацыяльныя выплаты. Прыняты меры, накіраваныя на ўзмацненне сацыяльнай абароны насельніцтва.
Асноўныя намаганні дэпутацкага корпуса былі накіраваны на забеспячэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця і ўмацаванне пазіцый дзяржавы на міжнароднай арэне, разняволенне дзелавой ініцыятывы. Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы прыняты комплекс заканадаўчых рашэнняў па лібералізацыі гаспадарчай дзейнасці, павышэнні канкурэнтаздольнасці і інвестыцыйнай прывабнасці краіны, выкарыстанні лічбавых тэхналогій.
– Вы з’яўляецеся членам Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы. Таму, напэўна, больш прыходзіцца займацца законапраектамі, звязанымі з развіццём сельскай гаспадаркі і аграрна-прамысловага комплексу ў цэлым?
–  У пэўнай ступені гэта так. За кожным законапраектам стаіць карпатлівая работа камісій парламента: праводзяцца міжведамасныя нарады, прыцягваюцца арганізацыі і спецыялісты, апрацоўваюцца і абмяркоўваюцца сотні пісьмовых прапаноў па ўдасканаленні праектаў і законаў.
Для абмеркавання некаторых пытанняў праводзяцца сумесныя пасяджэнні, выязныя пасяджэнні камісій, якія дазваляюць дэпутатам больш дэталёва вызначыць напрамкі карэкціроўкі заканадаўчых актаў з мэтай іх паспяховай рэалізацыі і ўдасканалення. Напрыклад, 28 лістапада Пастаянная камісія па аграрнай палітыцы з мэтай вывучэння практыкі выкарыстання Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі і прасочванні прадуктаў жывёльнага паходжання” правяла выязныя пасяджэнні на базе сельгасарганізацый Віцебскай вобласці: ААТ “Рудакова” і ААТ “Віцебская бройлерная птушкафабрыка”. Таксама мэтай такіх пасяджэнняў з’яўляецца азнаямленне з думкамі і прапановамі кіраўнікоў і спецыялістаў галін сельскай гаспадаркі для выяўлення і ліквідацыі праблем дзеючага заканадаўства.
Непасрэдна цяпер вядзецца работа над падрыхтоўкай да разгляду на чацвёртай сесіі праекта закона “Аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі”.  Гэта надзвычай актуальна. Арганічная прадукцыя,  гэта значыць вырашчаная без выкарыстання хімічных сродкаў, карыстаецца вялікім попытам на сусветных рынках, мае больш высокі кошт, а значыць наша краіна, беларускія прадпрыемствы могуць экспартаваць такую прадукцыю з большай выгодай. Закон накіраваны на развіццё вытворчасці арганічнай прадукцыі ў Беларусі, забеспячэнне насельніцтва гэтай прадукцыяй. На дапрацоўцы знаходзіцца і праект Закона “Аб насенняводстве сельскагаспадарчых раслін”.
Дэпутаты не абмяжоўваюцца работай у сваёй профільнай камісіі, яны абмяркоўваюць кожны законапраект, удзельнічаюць у пашыраных пасяджэннях пастаянных камісій, могуць уносіць свае прапановы і заўвагі.
– Палата прадстаўнікоў вядзе актыўную міжнародную дзейнасць, супрацоўнічае з парламентамі іншых краін.  Раскажыце пра гэты напрамак работы.
– Развіццё міжпарламенцкіх сувязяў спрыяе ўмацаванню сяброўскіх і дзелавых адносін з іншымі краінамі свету. Я з’яўляюся членам дэлегацый у міжпарламенцкіх арганізацыях і камісіях, у рабочых групах па супрацоўніцтве з парламентамі Камбоджы, Польшчы, Саудаўскай Аравіі, Украіны. Як кіраўнік рабочай групы па супрацоўніцтве з парламентам Эстонскай Рэспублікі пастаянна сустракаюся з Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Рэспублікі Беларусь у Эстоніі А. А. Сцяпусем і паслом Эстонскай Рэспублікі ў Беларусі Мерыке Кокаеў. Варта нагадаць пра візіты эстонскіх дэлегацый з мэтай развіцця беларуска-эстонскага гандлёва-эканамічнага супрцоўніцтва на СААТ “Камунарка” і ААТ “Птушкафабрыка «Дружба»”, удзел у міжнароднай спецыялізаванай выставе-кірмашы “Мэбля-2017” у Мінску, у ходзе якой эстонская дэлегацыя наведала  ААТ “Віцебскдрэў” і “Паставымэбля”, ЗАТ “Маладзечнамэбля”.
У кастрычніку мы разам з калегам Т. І. Сайганавай пабывалі ў Эстоніі, правялі сустрэчы з старшынёй Парламента Эстонскай Рэспублікі Энам Ээсмаа, Прэм’ер-міністрам Юры Ратасам, міністрам дзяржаўнага кіравання Яакам Ааба, кіраўніком прадстаўніцтва эстонскага цэнтра Усходняга партнёрства Яанам Рэйнхольдам, абмяняліся думкамі пра перспектывы развіцця міжпарламенцкага супрацоўніцтва, аб перавагах эстонскіх партоў для транспарціроўкі беларускіх мінеральных угнаенняў. У горадзе Кохтла-Ярве пазнаёміліся з пытаннямі адміністрацыйнага кіравання, сацыяльна-эканамічнага развіцця, фарміравання бюджэту, выкарыстання інфармацыйных тэхналогій, сістэмай адукацыі. Наведалі прадпрыемства па вытворчасці сланцавага масла і сланцахімічных прадуктаў “VKG Oil AS”, кіраўнік якога, дарэчы, з’яўляецца беларусам па нацыянальнасці. На прадпрыемстве разглядаецца пытанне аб супрацоўніцтве з прадстаўнікамі з Оршы, якія прапануюць сваю сістэму апрацоўкі сланцу на аснове ультрагуку.
– Кажуць, што асноўная работа з выбаршчыкамі пачынаецца пасля абрання дэпутатам. Ведаю, што вы пастаянна сустракаецеся са сваімі выбаршчыкамі, дапамагаеце ім.
– Канешне, работа ў выбарчай акрузе займае прыярытэтны накірунак у дзейнасці дэпутата. За гэты час праведзены 23 прыёмы грамадзян, прынята больш за 50 чалавек. Асаблівая ўвага надаецца выязным прыёмам, бо ў склад акругі ўваходзяць Віцебскі, Гарадоцкі, Шумілінскі раёны,  пасёлкі Руба і Вярхоўе. У планах – наведаць кожны сельсавет. Такія прыёмы дазваляюць ведаць праблемы канкрэтных  населеных пунктаў.
– І з якімі пытаннямі часцей за ўсё звяртаюцца да вас людзі?
– Пераважная большасць пытанняў носіць асабісты характар, тычыцца бытавых, паўсядзённых праблем. У рамках сваіх паўнамоцтваў імкнуся дапамагчы людзям, аператыўна рэагаваць на ўсе пытанні, адстойваць інтарэсы выбаршчыкаў, быць пасрэднікам паміж органамі ўлады і чалавекам, які просіць дапамогі. Трэба адзначыць, што большасць пытанняў рашаецца станоўча і аператыўна, але некаторыя патрабуюць значнага часу і сродкаў. На жаль, па некаторых прыходзіцца даваць і адмоўны адказ, бо яны супярэчаць дзеючаму заканадаўству.
Грамадска значныя пытанні, якія паступаюць ад выбаршчыкаў, тычацца, пераважна, абслугоўвання насельніцтва сельскіх населеных пунктаў, стану дарог, транспартнага забеспячэння, аплаты паслуг ЖКГ, добраўпарадкавання і якасці пітной вады, аптымізацыі ўстаноў адукацыі. Паступаюць і пытанні па ўдасканаленні дзеючага заканадаўства – пенсійнага, жыллёвага, прыродаахоўнага. Такія пытанні, калі яны абгрунтаваныя, перадаюцца ў адпаведныя камсіі і органы ўлады.
У сваёй акрузе актыўна ўзаемадзейнічаю з мясцовымі органамі ўлады, удзельнічаю ў пасяджэннях раённых выканаўчых камітэтаў, сесіях раённых Саветаў дэпутатаў, супрацоўнічаю з грамадскімі арганізацыям. Часта сустракаюся з кіраўніцтвам ААТ “Віцебская бройлерная птушкафабрыка”, “Даламіт”, “Обальскі керамічны завод”, УП “Шумілінская ПМК-70”, унікаю ў рабочыя будні прадпрыемстваў, іх праблемы.
Пастаянна імкнуся браць удзел у найбольш значных раённых і абласных мерапрыемствах: у “Дажынках”, урачыстасцях з нагоды дзяржаўных святаў, адкрыцці сацыяльных аб’ектаў, спартыўных мерапрыемствах.
– Напярэдадні новага года мы з вамі сустракаліся ў Обальскім прытулку. Дабрачыннасць таксама ўваходзіць у абавязак дэпутата?
– Лічу, што падтрымаць дзяцей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, імкнецца кожны. Менавіта таму ў рамках навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”  пабываў у  Обальскім дзіцячым прытулку  і Вялікалятчанскім дзіцячым доме, павіншаваў выхаванцаў са святам, уручыў падарункі.
Наогул, у ходзе рабочых паездак па акрузе часта наведваю ўстановы адукацыі ў Вярхоўі, Янавічах, Суражы, сустракаюся з калектывамі, унікаю ў праблемы сельскіх школ. Мяркую, што актыўнай работай у сваёй выбарчай акрузе буду займацца і надалей.
– Дзякуй за змястоўную гутарку. Поспехаў вам у вашай дэпутацкай дзейнасці.
Гутарыў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №12 ад 09.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *