В Шумилинском районе на семена засыпано 82 тонны трав, 46,3 тонны из них — очищены

Новости Экономика

Канюшына, цімафееўка, галега

Сельскагаспадарчым прадпрыемствам на працягу лютага трэба ачысціць шматгадовыя травы і прадаставіць іх на праверку ў раённую інспекцыю па насенняводстве, каранціне і ахове раслін.
Гэта работа на мінулым тыдні актывізавалася. У прыватнасці, з 82 тон траў, якія засыпаны на насенне, было ачышчана 46,3 тоны. “А на праверку прадастаўлена 20 тон, –  удакладняе галоўны аграном-дзяржінспектар па насенняводстве раённай інспекцыі Дзіна Калдунова. –  Нашы спецыялісты паспелі ўжо праверыць 13 тон насення – яно ўсё адпавядае кандыцыям па ўсходжасці, чысціні і засмечанасці. Што тычыцца СФГ “Раднік”, якая з’яўляецца элітнай гаспадаркай па вырошчванні шматгадовых траў, то яе насенне, а гэта крыху больш як 26 тон, здадзена на ачыстку на ААТ “Віцебск-насентравы”.
Некаторыя гаспадаркі загадзя паклапаціліся пра падрыхтоўку насення шматгадовых траў да сяўбы. Так, наперадзе раённай зводкі КУСГП “Ульскі”.  Спецыялісты раённай інспекцыі па насенняводстве адзначылі адказную і сумленную работу галоўнага агранома гаспадаркі Сяргея Баранава, пад кіраўніцтвам якога з году ў год своечасова праводзіцца ачыстка насення. Вось і сёлета ў “Ульскім” яго падрыхтавалі першымі – хоць сёння выязджай у поле. Ачышчана і праверана ўсё насенне шматгадовых траў у ААТ “Прыазёрны мір”, заканчваюць гэту работу ў ААТ “АграБаравінка”.  А вось у “Ляжнях” і Сіроцінскім” яшчэ толькі думаюць на днях прыступаць да ачысткі .
Сельгаспрадпрыемствы раёна ў гэтым годзе будуць сеяць  як бабовыя (канюшыну лугавую, галегу ўсходнюю), так і злакавыя – цімафееўку, купкоўку, фестулоліум, аўсяніцу чырвоную і трысняговую. Усяго на вясеннюю сяўбу пад шматгадовыя культуры адведзена шэсць тысяч гектараў, паведаміў начальнік аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці райсельгасхарчу Раман Прасветаў.  Па ўсяму бачна, уласнага насення не хопіць: злакавых ёсць 57,6 тоны (трэба 70), бабовых – 24,2 тоны (патрэбна 40). Напэўна, многія гаспадаркі раёна будуць закупляць насенне канюшыны.
Што тычыцца насення злакавых, дык яго больш за ўсіх паклапаціліся назапасіць ва УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”. Чатырнаццаць тон цімафееўкі – гэта многа, асабліва калі ўлічыць, што расход на адзін гектар пры сяўбе – шэсць-восем кілаграмаў. Так што райаграсэрвіс мае магчымасць і свае палеткі засеяць, і прадаць насенне іншым гаспадаркам. Ну, а выручаныя грошы можна будзе пусціць на запчасткі ці паліва.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №13 ад 13.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *