Ягодный сезон. Легко ли даётся «лесная» копейка?

Мир увлечений Новости Общество Экономика

Ці лёгка даецца “лясная капейка”?

Верасень – самы гарачы час для грыбнікоў і ягаднікаў.  Многія жыхары раёна накіраваліся ў лясы не толькі, каб назбіраць ягад-грыбоў для сябе, але і на продаж. Зарабіць, так мовіць, “лясную капейку”.

«Так, многія вяскоўцы з задавальненнем ходзяць у лес, – кажа нарыхтоўшчык з Мікалаева Ірына Гушча. – Я б і сама пайшла, люблю збіраць ягады, дык няма з кім пакінуць маленькую дачушку. Зараз актыўна прыносяць як брусніцы, так і журавіны. За мінулы тыдзень прынеслі да 60 кілаграм брусніц. Прымаем па 4 рублі за кілаграм. З 9 верасня дазволена збіраць журавіны».

Хаця іх і многа ў гэтым сезоне, але ж масава людзі не кінуліся ў нарыхтоўчыя пункты. Цана на журавіны вагаецца ад 2,5 да 3,5 рубля за кілаграм у залежнасці ад спеласці. «Чакаем, можа падаражэюць журавіны, – расказала адна аматарка-ягадніца. – На сённяшні дзень выгадней здаваць брусніцы».

Пры шчодрым ураджаі ягадніку рэальна сабраць за дзень да 20 літраў брусніц. Калі ўлічыць, што ў дзесяцлітровае вядро змяшчаецца 6 кілаграмаў ягад, то за два на прыёмным пункце выдадуць 48 рублёў. А калі прадаваць на рынку, то выручка будзе большай – у Шуміліне, напрыклад, літровы слоік прадаюць па 7 рублёў. Але ж для гэтага трэба ехаць з вёскі на базар, стаяць там, марнаваць час, а прадасі ці не – невядома. Таму вяскоўцы здаюць на месцы ў прыёмным пункце. Тым больш, што прымаюць ягады неперабраныя.

У апошнія гады здатчыкаў лясных дароў становіцца ўсё менш, зазначае Ірына Пятроўна. Сталыя ягаднікі ўжо не ў сілах доўга хадзіць па лесе – збіраюць хіба толькі для сябе, а моладзь не вельмі туды імкнецца, выбірае іншы від заробку. А ў прыёмным пункце ў Мікалаеве, між іншым, гатовы прыняць не толькі ягады, але і лісічкі па 5,5 рубля за кілаграм. Здатчыкі-грыбнікі ёсць.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *