Озеро Будовесть собрало рыбаков на междурайонные соревнования

Мир увлечений Новости

Шкада, што рыба дужа не бралася

Знакамітае і папулярнае ў рыбакоў возера Будавесць стала месцам правядзення міжраённых спаборніцтваў па зімовай рыбалцы на мармышку.

У Башні суботнім ранкам прыехалі заўзятыя аматары парыбаліць пяці раёнаў вобласці: Бешанковіцкага, Віцебскага, Гарадоцкага, Лёзненскага і Шумілінскага. Арганізатарам і спонсарам мерапрыемства выступіла раённая арганізацыя Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.
Рыба, прызнацца, дужа не бралася (ну, не самы спрыяльны час выпаў для лоўлі), тым не менш гэта не стала падставай сумаваць і ўпадаць у адчай. Падлешчыкі і акуні ўсё ж такі патрапілі на кручок удзельнікаў спаборніцтваў, і вызначыць пераможцаў хоць і не па самым багатым улове можна было.
Перамогу ў агульнакамандным заліку ўзялі гаспадары спаборніцтваў – шумілінскія рыбаловы Юрый Закружны, Ігар Цімошчанка і Мікалай Цішкевіч. Праўда, іх агульны ўлоў заважыў ажно 729 грамаў. На другім месцы з уловам у 497 грамаў апынулася каманда Гарадоцкага раёна, на трэцім – рыбакі Віцебскага раёна, якія выцягнулі за адведзены час лоўлі 490 г рыбы.
У індывідуальным заліку больш за ўсё пашанцавала віцебскаму рыбаку Паўлу Алейнікаву, на вудачку якога патрапіла 490-грамовая рыбіна, другое месца ў нашага Юрыя Закружнага (460 г), трэцяе – у Арцёма Верамеева з Гарадка (380 г).
Усе пераможцы былі ўзнагароджаны граматамі і дыпломамі, а шумілінскія рыбакі за першае агульнакаманднае месца атрымалі льготную пуцёўку на сезон палявання. У індывідуальным заліку пераможца за першае месца  атрымаў бур, за другое – рыбацкую скрыню, за трэцяе – камплект жэрліц.
На гэтым спаборніцтвы не закончыліся. Усіх удзельнікаў чакаў гарачы абед з рыбнай поліўкай, бутэрбродамі, чаем і кавай. Усё гэта падмацоўвалася бясконцымі мужчынскімі размовамі пра тое, дзе, калі і на што клюе і ў каго самыя важкія і незабыўныя трафеі.
Наша каманда-пераможца прыме ўдзел у абласных спаборніцтвах па зімовай рыбалцы на мармышку, якія пройдуць у бліжэйшы час ва Ушачах.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №15 ад 20.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *