Министр информации Беларуси О. В. Пролесковский провёл встречи в Шумилинском районе

Актуалии

Старшыня Шумілінскага райвыканкама В. А. Падляшчук, міністр інфармацыі А. В. Праляскоўскі і в. а. кіраўніка ААТ "Лаўжанскае" І. Курносава падчас сустрэчы з працоўным калектывам

Гэта не крызіс, а часовыя цяжкасці
Задавайце пытанні, не саромейцеся, не кожны дзень да вас міністр прыязджае, — звяртаўся да людзей старшыня райвыканкама В. А. Падляшчук, прадстаўляючы высокага сталічнага госця — міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь А. В. Праляскоўскага.
Па даручэнні кіраўніка дзяржавы дваццаць вышэйшых службовых асоб краіны праводзяць сустрэчы з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў і арганізацый. Мэта гэтых сустрэч — расказаць людзям пра прычыны няпростай эканамічнай сітуацыі, што склалася ў краіне, давесці да народа тыя захады, якія прымае Прэзідэнт і ўрад па стабілізацыі сітуацыі.
28 ліпеня міністр інфармацыі правёў сустрэчы з працаўнікамі ААТ “Лаўжанскае” і КУП “Обальскі керамічны завод”. Алег Вітольдавіч не стараўся прыхарошваць сітуацыю, не хаваў, што былі дапушчаны памылкі, у тым ліку і Нацбанкам, што быў дапушчаны перакос знешнегандлёвага сальда, калі імпарт (падчас неабгрунтаваны) перацягнуў шалі на свой бок, а экспарт не паспяваў папаўняць валютныя запасы, што і на самым высокім рэспубліканскім узроўні бываюць пралікі. Не трэба скідваць з рахункаў і няпростыя знешнепалітычныя адносіны, напрыклад, з той жа Расіяй.
Тым не менш, ніякага крызісу ў нас няма, падкрэсліў міністр, ёсць часовыя цяжкасці. І кіраўніцтва краіны прымае меры, на 2 жніўня рыхтуецца пашыранае пасяджэнне Савета Міністраў, на якім будзе прынята канкрэтная праграма па стабілізацыі эканамічнага становішча ў краіне. Безумоўна, не ўсе намечаныя праекты будуць прафінансаваны, але гэта ніяк не закране сацыяльныя праграмы, заявіў міністр.  Больш таго, Прэзідэнтам падпісаны указ аб павышэнні з 1 жніўня працоўных і сацыяльных пенсій, будуць павышацца і стыпендыі. А вось зарплата работнікаў бюджэтнай сферы павышацца не будзе, ім трэба будзе пачакаць да лепшых часоў.
А. В. Праляскоўскі нагадаў, што дзяржава ніколі не шкадавала для сваіх грамадзян даброт, шчодра дзялілася з імі тым, што мела. І кожны ведае, якія дзяржаўныя сродкі ўкладваліся ў сельскую гаспадарку, у развіццё фізкультуры і спорту, у іншыя сферы. Толькі на жыллёвае будаўніцтва асігнаванні ў Беларусі павялічыліся са 124 мільярдаў рублёў у 2001 годзе да 6,7 трыльёна рублёў у 2010.
Сёння дзяржаве цяжка. Гэта трэба разумець, і кожны сумленны грамадзянін, кожнае прадпрыемства павінна падумаць, чым можна дапамагчы ў гэтай сітуацыі. Такая магчымасць ёсць у кожнага. Напрыклад, зменшыць спажыванне электраэнергіі, паліва, газу, актыўней выкарыстоўваць мясцовыя віды паліва, аднаўляемыя крыніцы энергіі. Гэта рэальна і пасільна для кожнага.
Аграрыі павінны памятаць і пра тое, што сёння, калі ў свеце расце харчовы крызіс, асаблівы кошт набывае прадукцыя сельскай гаспадаркі, зазначыў А. В. Праляскоўскі. У Беларусі ёсць магчымасць цалкам забяспечыць сябе прадуктамі і яшчэ прадаць за мяжу. А гэта валюта, гэта наш дабрабыт і наша незалежнасць, мацаваць якую трэба разам.
Пасля выступлення міністр інфармацыі А. В. Праляскоўскі выслухаў пытанні і заўвагі прысутных, бо як ён сам зазначыў, важна не толькі акрэсліць пазіцыю кіраўніцтва краіны, але і выслухаць людзей на месцах, адчуць, што іх хвалюе. І калі на Обольскім керамічным заводзе скупіліся на пытанні, то лаўжанцы шчодра дзяліліся і праблемамі, і сваімі думкамі. І цяпер міністр дакладна ведае, чым жывуць людзі ў Шумілінскім раёне.
Аліна ПЯТРОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *