В Шумилино прошла XIV районная конференция научных обществ учеников

Новости Образование

Даследуем родны край

У пачатку сакавіка прайшла XIV раённая канферэнцыя членаў навуковых таварыстваў вучняў, якая ў гэты раз ладзілася пад дэвізам “Шуміліншчына – мой родны край”. Завочны этап канферэнцыі сабраў 75 навуковых работ з усяго раёна, 57 з якіх былі дапушчаны да вочнага этапа.
Вырашыўшы прывязаць навуковую цікаўнасць вучняў да патрэб роднага краю, арганізатары спадзяваліся на цікавыя знаходкі і арыгінальныя адкрыцці, якія будуць карысныя не толькі для развіцця навуковага патэнцыялу школьнікаў, але і для прымянення ў рэгіёне. Прыемна, што год ад году вучні прэзентуюць усё больш грунтоўныя працы.
І ў гэты раз члены журы адзначалі, што ў многіх праектах былі раскрыты этапы самастойнага даследавання, сабраны і вывучаны вялікі фактычны матэрыял. Большасць вучняў выявіла добрае валоданне навуковай тэрміналогіяй і культурай мовы. Даклады ўдзельнікаў 5-11 класаў абапіраліся на камп’ютарныя прэзентацыі.
Як заўважыла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аксана Талстая, праблематыка абраных вучнямі тэм была актуальнай і сугучнай з тэмай самой канферэнцыі “Шуміліншчына – мой родны край”. Змест сарака работ пабудаваны на аснове рэгіянальнага кампаненту. Напрыклад, дзеці разам са сваімі настаўнікамі вывучалі паходжанне тапонімаў роднага краю, традыцыйны дзіцячы касцюм, змяненне вытокаў малых рэк Шумілінскага раёна, гісторыю Казьянскага замка і многія іншыя цікавыя тэмы, звязаныя з гісторыяй і развіццём сваёй малой радзімы. А, скажам, у работы “Суседства кацельні і дзіцячага сада – экалагічна небяспечна ці не”, прадстаўленай вучнем Слабадской школы Мікітам Селівёрставым, ёсць усе магчымасці паўдзельнічаць і ў міжнародным праекце.
Наогул, большасць прэзентаваных на канферэнцыі работ мае практычную накіраванасць. Дакладчыкі імкнуліся сфармуляваць уласны пункт гледжання на сучасныя праблемы грамадства, стан прыроды, ролю роднай мовы.
Па выніках канферэнцыі было выдадзена 8 дыпломаў I ступені, 15 дыпломаў II ступені і 14 дыпломаў III ступені. “Дарэчы, у параўнанні з мінулым годам колькасць дыпломаў I ступені павялічылася ўдвая” – адзначыла А. Г. Талстая.
Падлічана, што тры дыпломы вышэйшай пробы (больш за іншых) заваявала раённая гімназія, у вучняў Слабадской і Обальскай школ – па два такія дыпломы, адзін – у СШ №1. Найбольшую колькасць дыпломаў у цэлым прывезлі з канферэнцыі вучні Обальскай СШ – сем.
Некаторыя прадстаўленыя на галоўным навуковым форуме раёна работы будуць далей распрацоўвацца аўтарамі. Многія вучні ўжо сёння абіраюць тэму для ўдзелу ў юбілейнай, 15 навуковай канферэнцыі ў наступным годзе. Вядома, што навуковы праект – гэта вялікая сумесная работа вучня разам з педагогам. І вынік можа быць, толькі калі спалучаюцца навуковы азарт, цікаўнасць, інтарэс да абранай тэмы з працаздольнасцю вучня.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Трэцякласнік Обальскай школы Марк Чарнічэнка абараняе свой першы бізнес-план па вырошчванні перапёлак.
Надрукавана ў №20 ад 13.03.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *