Елена Гурьева из Шумилино вышла в финал республиканского конкурса и стала лэди «Доброе сердце»

Актуалии Молодёжь Общество

Добрае сэрца Алены Гур’евай

Упершыню ў гэтым годзе быў праведзены рэспубліканскі конкурс “Прафлэдзі-2018”, арганізатарамі якога выступілі Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі і партал 1prof.by. Мэта конкурсу – знайсці найбольш актыўных прадстаўніц прафсаюза, якіх ведаюць як абаронцаў правоў і інтарэсаў работнікаў і якія здольныя дапамагчы не толькі словам, але і справай.

Ад нашага раёна ў конкурсе брала ўдзел старшыня пярвічнай арганізацыі  тэхнік па сувязі лінейна-тэхнічнага ўчастка Шумілінскага занальнага вузла электрасувязі Алена Гур’ева. На першым этапе было зарэгістравана больш за дзевяноста прэтэндэнтаў на перамогу. Але па выніках інтэрнэтгаласавання, а таксама балаў журы ў паўфінал трапілі пятнаццаць чалавек. Сярод іх – і наша зямлячка.
На другім этапе конкурсу лідары прафсаюзных арганізацый і прадпрыемстваў рэспублікі ў творчай форме расказвалі пра сваю работу ў якасці прафактывіста: як абараняюць правы работнікаў, як дапамагаюць ветэранам, як удзельнічаюць у культурным і спартыўным жыцці, у розных акцыях і мерапрыемствах.  Алена Гур’ева расказала пра ўсё гэта не толькі прозай, але і вершам уласнага сачынення. Паказала прафсаюзную работу ЗВЭС з лепшага боку, расказала пра прафсаюзныя традыцыі, дапамогу Обальскаму прытулку і ветэранам, пра свой дружны калектыў, пра вясёлыя карпаратывы, для якіх Алена сама піша сцэнарыі і з’яўляецца нязменнай вядучай. Алена Гур’ева і яшчэ сем удзельніц выйшлі ў фінал конкурсу “Прафлэдзі-2018”.
“Для фіналістаў конкурсу прафсаюз падрыхтаваў цікавыя сустрэчы і ў той жа час выпрабаванні, – расказала Алена. – У Салігорску мы спускаліся ў шахту на глыбіню 630 метраў, дзе для нас правялі экскурсію шахцёры. А яшчэ яны ўручылі нам па букету цюльпанаў. Такога падарунка пад зямлёй, прызнацца, мы і не чакалі. У гэты ж дзень мы пабывалі на экскурсіі на БелАЗе, пасядзелі за рулём самага магутнага самазвала ў Беларусі”.
Святочная частка фіналу конкурсу прайшла на сцэне рэспубліканскага Палаца прафсаюзаў. Для фіналістаў падрыхтавалі прыгожыя вячэрнія сукенкі, у якіх яны і выходзілі на сцэну. Кожнай з васьмі  пераможцаў было прысвоена спецыяльнае званне. Лэдзі “Добрае сэрца” заслужана стала Алена Гур’ева, бо ў яе пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі праводзіцца вялікая работа па дабрачыннасці. Наша зямлячка вярнулася дадому з незабыўнымі ўражаннямі, дыпломам і каштоўнымі падарункамі, сярод якіх і пуцёўка на тур выхаднога дня ў адзін з санаторыяў “Белпрафсаюзкурорта”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №21 ад 16.03.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *