Старейшина деревни Сеньково Таиса Леонова представляет местное самоуправление

Общество Президент

Эстафету перадала свякроў

У вольны час яна любіць прайсціся па вёсцы. Вітаецца з людзьмі, пытаецца пра жыццё і праблемы, цікавіцца вясковымі клопатамі. Каб прайсці з пачатку Сянькова да самага канца, мала і паўгадзіны, бо вёска расцягнулася больш як на два кіламетры. Але Таіса Анатольеўна Лявонава прывыкла да такіх прагулак, бо гэта яе вёска – тут яна жыве амаль тры дзясяткі гадоў, больш за год таму жыхары выбралі яе старэйшынай.
“З мясцовых людзей, напэўна, я самая маладая ў вёсцы, – усміхаецца жанчына. – Вось пенсіянеры і прагаласавалі за мяне: вырашылі, што хутчэй за іх дайду куды трэба, патэлефаную, дапамагу разабрацца. Вядома, усё гэта раблю. У мяне добры прыклад для пераймання: мая свякроў Ефрасіння Сысоеўна Лявонава была многа гадоў старэйшынай. А цяпер вось эстафету перадала мне. Так бы мовіць, у спадчыну. Так што мне дрэнна працаваць нельга – сорамна ж і перад сваякамі, і перад суседзямі. Наша вёска невялічкая, усяго з дзясятак домаўладанняў будзе ды плюс некалькі дачных дамоў. У асноўным узнікаюць дробныя праблемы. Напрыклад, святло не гарыць на слупе ці дарогу трэба прайгрэйдзіраваць. Звяртаюся ў сельвыканкам, і пытанні, як кажуць, вырашаюцца па гарачых слядах”.
Сянькова – вёска дружная. Тут усе адносяцца адзін да аднаго так, быццам бы блізкія сваякі. Захварэў хто – ходзяць праведваць усёй вёскай. То малачка казінага прынясуць, то бліноў напякуць. А калі ёсць патрэба – то і вады наносяць, і печку прапаляць. Таіса Анатольеўна кажа, што ў гэтым зусім не яе заслуга. Такія шчырасць і дабрыня пасяліліся ў вёсцы даўно. А з клапатлівымі людзьмі і жыць, і працаваць прыемна.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №22 ад 20.03.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *