У жителя Шумилино нашли метадон, карфентанил и марихуану

Здоровье Происшествия

Пра крымінальныя справы і клафелін

Сёння любы школьнік ведае не толькі пра небяспеку наркотыкаў, але і пра тое, што за гэта пагражае адказнасць. Калі чалавек у стане наркатычнага ап’янення  знаходзіцца ў грамадскім месцы, то ён прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці (максімальны штраф – 10 базавых велічынь). Дарэчы, у мінулым годзе ў раёне быў выяўлены адзін такі выпадак.
Барацьба з наркотыкамі ў нашай краіне непрымірымая, прычым, яна пастаянна ўзмацняецца. “Дэкрэтам № 6 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў” прадугледжваецца, што крымінальная адказнасць за збыт наркотыкаў наступае з 14 гадоў, – расказаў старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзенні гандлю людзьмі РАУС Аляксандр Яраслаўцаў. – За незаконныя з мэтай збыту выраб, перапрацоўку, набыццё, захоўванне, перавозку або перасылку наркатычных сродкаў пагражае абмежаванне волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі. За збыт наркотыкаў арганізаванай групай пагражае пазбаўленне волі да 20 гадоў”.
На жаль, апошнім часам практычна ў кожным раёне вобласці маюць месца выпадкі распаўсюджвання і захоўвання наркатычных сродкаў.  Не з’яўляецца выключэннем і Шуміліншчына. Летась у раёне за набыццё, захоўванне, перавозку або перасылку наркатычных сродкаў былі ўзбуджаны тры крымінальныя справы.  У непаўналетняй жыхаркі з Мікіціхі, якая вучыцца ў адным з віцебскіх ліцэяў, канфіскавалі небяспечны наркатычны сродак марыхуану агульнай вагой 0,084 грама. Дзве крымінальныя справы ўзбуджаны супраць жыхара райцэнтра, які захоўваў метадон, карфентаніл і марыхуану.
Гэты год для работнікаў групы па наркакантролі і супрацьдзенні гандлю людзьмі РАУС пачаўся не з пазітыву. На вуліцах райцэнтра быў затрыманы чалавек без вызначанага месца жыхарства, які па ўсіх прыкметах нагадваў нецвярозага. Аказалася, што ён пад уздзеяннем клафеліну. Упакоўка была знойдзена ў кішэні курткі. Клафелін – псіхатропнае рэчыва, забароненае на тэрыторыі Беларусі. Супраць мужчыны будзе ўзбуджана крымінальная справа.
“Медыкамі даказана, што наркотыкі  нібыта “замарожваюць” нервовую сістэму і становяцца для чалавека адзіным спосабам, які можа пазбавіць ад непажаданых адчуванняў болю, самоты або страху, – расказаў Аляксандр Яраслаўцаў. –  Разам з гэтым наркотыкі блакіруюць і ўсе астатнія пачуцці. Чалавек адчувае сябе менш актыўным і можа весці сябе раўнадушна да ўсяго – быццам яго нішто на свеце не хвалюе. Больш таго, наркотыкі ўплываюць на чалавека так, што ён становіцца больш марудным. Затарможваецца не толькі рэакцыя, але і працэсы мыслення.  Пры гэтым чалавек не заўважае перамен, якія з ім адбываюцца, нават калі іншыя людзі гавораць яму пра гэта. Такім чынам, той, хто прымае наркотыкі, рызыкуе, што з ім могуць здарыцца няшчасныя выпадкі”.
Наркотыкі небяспечныя яшчэ і тым, што большасць з іх адкладваецца ў тлушчы чалавека і можа заставацца там гадамі. І калі чалавек працуе, займаецца фізічнымі практыкаваннямі або турызмам, тлушч спальваецца, а невялікая колькасць наркотыка трапляе ў вену. Вось чаму вылечыцца ад наркатычнай залежнасці не так проста і хутка, як хацелася б.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №28 ад 10.04.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *