В Шумилинском районе похоронено более 10 тысяч солдат Великой Отечественной войны

Актуалии

памятник погибшим воинам в д. Суровни

Шануем памяць пра загінуўшых

Шуміліншчына стала месцам апошняга прытулку больш чым для 10 тысяч салдат, якія абаранялі Айчыну і нашу малую зямлю ад фашысцкай навалы, а таксама для простага насельніцтва, якое было расстраляна немцамі. 116 памятных месцаў баявой і воінскай славы, з іх 52 воінскія пахаванні і 3 месцы масавай гібелі мірнага насельніцтва нагадваюць пра тую жудасную вайну. 19 помнікаў гісторыі, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны (12 брацкіх могілак, 7 воінскіх могілак), занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны. Усё гэта з’яўляецца асноўнай формай матэрыяльнага ўвасаблення нашай памяці пра Вялікую Айчынную. І наш галоўны абавязак у гэтай справе – захаваць гэтую памяць самім і перадаць нашчадкам.
Трэба адзначыць, што кожны год з надыходам вясны распачынаюцца работы па добраўпарадкаванні помнікаў, абеліскаў і манументаў. Многія з іх патрабуюць немалых укладанняў. Сёлета асноўны клопат па рамонце найбольш праблемных месцаў узялі на сябе будаўнікі ПМК-70.
“На шасці аб’ектах выкананы значныя аб’ёмы работ, – расказаў галоўны інжынер Шумілінскай ПМК-70 Раман Карасёў. – Так, напрыклад, на помніку ў Амбросавічах зашпакляваны трэшчыны, выканана афарбоўка, заменены бардзюры, абноўлена дарожнае пакрыццё. Шмат папрацавалі на помніку ў Сураўнях: шпаклявалі, тынкавалі, фарбавалі. Прыкладна такія ж работы выканалі ў Бокішаве, Глушыцы, Убоіне, Язвіне”.
Шмат помнікаў, памятных знакаў і воінскіх могілак на тэрыторыі Обальскага сельсавета. “Дваццаць. У той час, як у Дабейскім сельсавеце, наколькі ведаю, толькі 4, – расказаў старшыня Обальскага сельвыканкама Мікалай Будневіч. – На Обальшчыне, а таксама ў Мішневіцкім і Лаўжанскім сельсаветах  ішлі самыя жорсткія і працяглыя баі, немцы лютавалі. А таму добраўпарадкоўваць святыя месцы даводзіцца агульнымі намаганнямі, усім, як кажуць, пасёлкам”.
Па словах М. А. Будневіча, выдзеленых на гэтыя мэты з бюджэту 280 рублёў хапіла толькі на матэрыялы: цэмент, вапну, фарбы. Дабаўлялі свае сродкі. Прыйшлі на дапамогу і мясцовыя арганізацыі. Так, падраздзяленне УП ЖКГ добраўпарадкоўвала абеліск у Корна, работнікі Обальскай школы фарбавалі абеліск, Обальскага керамічнага завода – прывялі ў парадак брацкія могілкі, дзе пахавана амаль 400 чалавек. Самі ж работнікі сельсавета працавалі на добраўпарадкаванні брацкіх могілак у Лявонаве, а таксама на магілах невядомых салдат.
“У бліжэйшых планах, – падзяліўся Мікалай Будневіч, – замена двух агароджаў у Барсуках і ў спаленай немцамі вёсцы Папова.”
… У гэтыя перадсвяточныя і святочныя дні да святых месцаў ідуць і едуць людзі, з усіх куткоў свету, каб аддаць даніну павагі, выказаць удзячнасць за подзвіг і самаахвярнасць і пакласці жывыя кветкі загінуўшым за наш мір і спакой.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №35 ад 08.05.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *