На “прамой лініі” старшыні райвыканкама: Калі пабудуюць храм і адрамантуюць пад’езд

Актуалии Общество Политика

Калі пабудуюць храм і адрамантуюць пад’езд

Напэўна, пачатак дачна-агароднага сезона, калі большасць людзей заклапочана працай на прысядзібных і дачных участках, паўплываў на тое,  што на “прамую лінію” старшыні райвыканкама Аляксандра Снарава было няшмат тэлефанаванняў. І большасць з іх тычылася жыллёва-камунальных пытанняў.
На асабісты прыём да старшыні райвыканкама прыйшоў жыхар райцэнтра, які пражывае ў інтэрнаце па вуліцы Луначарскага. У яго былі пытанні па аплаце за ваду і электраэнергію. У ходзе размовы было вырашана, што ўжо ў аўторак 16 мая будзе праведзены сход жыльцоў інтэрната, на якім прадстаўнікі УП ЖКГ, разлікова-касавага цэнтра, “Полацкводаканала”, райвыканкама выслухаюць жыхароў, растлумачаць парадак налічэння аплаты за паслугі.
Жыхарка аднаго з дамоў па вуліцы Сіпко звярнулася да старшыні пасля таго, як майстар УП ЖКГ адмовіўся з ёй размаўляць. Справа ў тым, што у канцы восені 2017 года ў пад’ездзе дома пачалі рамонт казырка і тамбура, але з-за халадоў так і не завяршылі. “Калі ж завершыцца рамонт, тым больш, што работ засталося на пару дзён?” – пыталася заяўніца. Заданне разабрацца ў праблеме з выездам на месца атрымала адміністрацыя УП ЖКГ.
З аграгарадка Слабада запыталі наконт закрыцця аддзялення  ашчаднага банка. На жаль, сціплы попыт на банкаўскія паслугі ў аграгарадку робіць работу аддзялення нерэнтабельнай, тым больш, што аплаціць усе паслугі можна на пошце. Кіраўнік раёна заверыў заяўніцу, што яе запыт будзе накіраваны ў банк, каб там яшчэ раз вывучылі гэтую праблему. Жанчына таксама прасіла забяспечыць насельніцтва ў вёсцы гарачай вадой у летні час (у ацяпляльны перыяд вада ёсць). Але ёй патлумачылі, што выдаткі на гарачае водазабеспячэнне ў аграгарадку занадта высокія, таму ў летні час арганізаваць работу кацельні неэфектыўна.
Апошні зварот быў ананімны. Жыхарку Шуміліна цікавіла пытанне будаўніцтва царквы ў райцэнтры: “Сорамна, што здолелі ўзвесці такі будынак, а вось завяршыць яго ніяк не ўдаецца”. Кіраўнік раёна адзначыў, яго таксама хвалюе недабудова ў цэнтры горада. Улады падтрымліваюць будаўніцтва, грошы на яго выдзяляліся ў мінулыя гады са сродкаў, заробленых на суботніку, але няма актыўнай пазіцыі царкоўных улад у гэтым пытанні.  Са свайго боку старшыня паабяцаў, што райвыканкам у чарговы раз звернецца да кіраўніцтва Віцебскай епархіі і Шумілінскага благачыння, каб паскорыць будоўлю храма.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №37 ад 15.05.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *