Будучыня за аграхолдынгамі — заявіў Мікалай Шарснёў на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў СМІ

Актуалии Власть

Будучыня – за аграхолдынгамі
“Увесь свет развіваецца шляхам аб’яднання вытворцаў сыравіны і яе перапрацоўкі. Аб’яднанне накіравана на аптымізацыю расходаў, зніжэнне выдаткаў і атрыманне прыбытку. Стварэнне аграхолдынгаў у Віцебскай вобласці забяспечыла рост выручкі на 139,5%”, – заявіў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў рэгіянальных і рэспубліканскіх СМІ, якая адбылася  на мінулым тыдні.

Перспектыва – у інтэграцыі
Неабходнасць поўнасцю перабудаваць адносіны на сяле наспела даўно, заўважыў Мікалай Шарснёў. Калі дзесяць гадоў таму ў вёсцы працавала 150 тысяч чалавек, то зараз засталося 42 тысячы, паменшылася амаль утрая і колькасць сельгаспрадпрыемстваў, пры гэтым вытворчасць прадукцыі не расла, а перапрацоўчыя прадпрыемствы заставаліся загружанымі напалову.
Аб’яднаць вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі і перапрацоўчыя прадпрыемствы з мэтай павышэння эфектыўнасці эканомікі – менавіта ў гэтым задача аграхолдынгаў.
Пачыналі з малога, сказаў кіраўнік вобласці, былі створаны чатыры інтэграцыйныя структуры – Віцебская, Полацкая, Глыбоцкая і Аршанская, якія атрымалі 10 тысяч га. Зараз у кожнай структуры па 70 тысяч га. Напрыклад, Віцебская структура аб’ядноўвае прадпрыемствы з васьмі раёнаў вобласці. Агульны тэмп росту выручкі склаў за першы квартал бягучага года 139,5%, у тым ліку па Віцебскай інтэграцыйнай структуры – 159,4%, Глыбоцкай – 128%, Аршанскай – 107%, Полацкай – 134%. Ва ўсіх дадатная рэнтабельнасць.
“Таму ў бліжэйшыя гады перабудуем усю сельскую гаспадарку вобласці такім чынам. Дойдзем да кожнага сельгаспрадпрыемства, але праз падтрымку інтэграцыйных структур. Яны будуць далучаць да сябе гаспадаркі па меры рэальнай магчымасці”, – сказаў старшыня аблвыканкама. Ён падкрэсліў, што ўзбуйненне дазваляе эфектыўна задзейнічаць усе магчымыя рэсурсы інтэграцыі для атрымання сыравіны, павелічэння аб’ёму перапрацоўкі і павышэння даходаў.
Ёсць напрацоўкі па стварэнні адзінай арганізацыі для прасоўвання і продажу прадукцыі перапрацоўчых прадпрыемстваў вобласці на замежных рынках. Як заўважыў кіраўнік вобласці, адзіны буйны прадавец мае большыя магчымасці для дамоўленасцяў з гандлёвымі сеткамі, можа мацней абараняць свае інтарэсы, эфектыўней гандляваць і мець большыя даходы.

Рыхтаваць прафесійныя кадры
Эканоміка, а значыць і жыццё, становіцца лепш, калі кадры працуюць прафесійна, заўважыў Мікалай Мікалаевіч. Але зараз назіраецца дэфіцыт спецыялістаў высокатэхналагічных вытворчасцей, інжынераў, спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Па-першае, чаму яны не замацоўваюцца на вытворчасці? Па-другое, важны ўзровень якасці падрыхтоўкі. Праблему якасці падрыхтоўкі вырашылі паспрабаваць рашыць шляхам павелічэння практыкі, яе пашырэння ў вучэбным працэсе, сказаў кіраўнік вобласці. Спецыяліст, які прыходзіць на вытворчасць, павінен мець рэальнае ўяўленне пра ўмовы працы, узровень тэхнікі, з якой будзе працаваць, мець пэўныя арганізацыйныя навыкі. І мець годную аплату працы. Але гэта павінна быць матываваная аплата, толькі па выніках вытворчасці прадукцыі. Вырашылі пачаць з жывёлагадоўлі, потым зоймемся іншымі галінамі, адзначыў старшыня аблвыканкама.

Ініцыятыва для развіцця
Магчымасці для развіцця Віцебскай вобласці Мікалай Шарснёў бачыць у развіцці аграпрамысловага комплексу вобласці, які з’яўляецца важкім вытворцам экспартнай прадукцыі. Акрамя развіцця інтэграцыйных структур перспектыўным з’яўляецца і перадача нерэнтабельных прадпрыемстваў эфектыўным інвестарам, фермерам.
Нельга скідваць з рахункаў малы і сярэдні бізнес, які зараз дае ў бюджэт каля 20% даходаў, і гэтая доля павялічваецца. Дэкрэт №7, лічыць кіраўнік вобласці, развязаў рукі малому бізнесу. Кіраўніцтва вобласці, раёнаў вітае любую ініцыятыву, якая забяспечвае стварэнне вытворчых магутнасцяў, новых працоўных месцаў. Менавіта стымуляванне дзелавой актыўнасці грамадзян – асноўны патэнцыял для развіцця рэгіёна. Апошнія рашэнні кіраўніка дзяржавы ствараюць самыя спрыяльныя ўмовы для ініцыятыўных людзей, адзначыў старшыня аблвыканкама. У вобласці маюцца вялізныя плошчы для занятку бізнесам. Можна задзейнічаць пустуючыя будынкі вытворчых і сацыяльных аб’ектаў. Хацелася б бачыць большай ініцыятывы ад прыватнага бізнесу, заўважыў Мікалай Шарснёў.

Дарогі
Каля тысячы кіламетраў дарог трэба адрамантаваць у Віцебскай вобласці да 2021 года ў рамках дзяржаўнай праграмы па развіцці і ўтрыманні аўтамабільных дарог Рэспублікі Беларусь на 2017-2020 гады, паведаміў на прэс-канферэнцыі старшыня аблвыканкама.
“Праграма распісана літаральна да кожнага ўчастка. І мы будзем яе выконваць. Сур’ёзных праектаў па будаўніцтву дарог апошнія гады не было, – падкрэсліў кіраўнік вобласці. – Нам варта падзякаваць нашым дарожным арганізацыям, што яны падтрымліваюць у добрым стане эксплуатуемае дарожнае палатно”. Не менш пільнай увагі, на яго думку, патрабуюць і масты.
Мікалай Шарснёў прыярытэтнымі лічыць напрамкі дарог, што вядуць да Прыбалтыкі, а таксама ад абласнога цэнтра да Оршы. Але прывесці іх да сучасных стандартаў – вялізны пласт работы, у тым ліку і па пошуку фінансавання.
Праблемай з’яўляюцца і сельскія дарогі, да яе рашэння павінны падключацца ўлады на месцах. У гаротным стане ўнутрыгаспадарчыя дарогі, пры тым, што не стае грэйдараў для іх абслугоўвання. І гэтыя пытанні таксама трэба вырашаць, лічыць кіраўнік вобласці.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №37 ад 15.05.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *