Почти 50 стад коров и тёлок перевели в Шумилинском районе на пастбищное содержание

Новости Сельское хозяйство Экономика

Дояць, пасвяць, даглядаюць

Сельгаспрадпрыемствы раёна выгналі на палеткі 32 гурты кароў (7143 галавы) і 16 гуртоў цёлак (3800) галоў. Ці захоўваецца тэхналогія пасьбы, ці ёсць на полі патрэбная тэхніка і дакументацыя? Гэтымі і іншымі пытаннямі цікавяцца падчас прыезду на пашы мабільныя групы, у склад якіх уваходзяць работнікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, ветстанцыі і РЦГЭ.

Мы пабывалі на пашах КУСГП “Сіроцінскі” і “Мішневічы”. У Ласвіцкіх пасвіўся гурт кароў з фермы Мосарава. Каровы хадзілі па іржышчы, дзе падсеяны шматгадовыя травы. “Такая тэхналогія апраўдана, – па-тлумачыў першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Андрэй Кузняцоў. – Страўнік жывёлы яшчэ не прывык толькі да зялёнага корму.  Клятчатка, што ўтрымліваецца ў саломе, уперамешку з маладой травой дае добры вынік. Таму выйгралі тыя гаспадаркі, якія выгналі жывёлу першымі. Так, па надоях малака зараз плюсуюць “Сіроцінскі”, “Прыазёрны мір”,  “Ляжні”. “Шумілінскі райаграсэрвіс” хаця і не быў у тройцы першых, але ж каровы тут выйшлі з зімоўкі моцнымі, бо іх кожны дзень кармілі камбікормам. І вынік навідавоку – дояць амаль на 40% больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года”. Андрэй Аляксандравіч адзначыў, што перасоўныя даільныя ўстаноўкі ў “Сіроцінскім” адрамантаваныя, бочкі для вады пафарбаваныя. На полі ёсць соль, па меры неабходнасці падвозіцца вада. Зараз кожная карова выпівае яе за дзень да трыццаці літраў, а ў летнюю спякоту – у тры разы больш. Пастухі прытрымліваюцца тэхналогіі франтальнай пасьбы.
Перасоўныя даільныя ўстаноўкі працавалі без збояў і на пашы ў Заобалі, дзе пасвіліся два гурты кароў з ферм Заўсыска і Жданоўка КУСГП “Мішневічы”. У гаспадарцы паклапаціліся пра запас: дадаткова купілі некалькі вёдзер для малака, электрагенератары, калкі і дрот для электрапастухоў. З першага дня выгану на пашу каровам падвозіцца соль.
На абедзвюх пашах – у Ласвіцкіх і Заобалі – мы ўбачылі адрамантаваныя домікі для пастухоў. Там была размешчана неабходная дакументацыя: памятка па выпасе жывёлы, журнал перадачы змен пастухамі, інструктаж па тэхніцы бяспекі, журналы ўліку надою малака, кароў для асемянення і расцёлаў.  Мы таксама ўбачылі распарадак дня жывёлаводаў і слесараў, іх абавязкі пры кругласутачнай пасьбе, схему выпойвання цялят. Напэўна, калі ў гаспадарках будуць строга прытрымлівацца названых памятак, распарадкаў і інструктажаў, справы ў жывёлагадоўлі будуць ладзіцца.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №38 ад 18.05.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *