И в Год малой родины, и каждый год шумилинские мелиораторы наводят порядок на земле

Актуалии Экология Экономика

Наводзім парадак уздоўж дарог

Сёлета, у год малой радзімы, у краіне вялікая ўвага надаецца парадку на зямлі, у вёсках і гарадах. Не выключэнне і наш раён. Свой уклад у агульную справу актыўна ўносяць шумілінскія меліяратары.
“КУП “Віцебскмеліявадгас” распрацаваў праграму па навядзенні парадку на зямлі на гэты год, адпаведная праграма прынята і на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм, – расказаў дырэктар Шумілінскага ПМС Аляксандр Вайцянкоў. – У нашым рабочым плане – добраўпарадкаванне ўздоўж Р-20, другой па значнасці аўтадарозе Віцебскай вобласці. Менавіта па гэтай дарозе паедуць госці і на “Славянскі базар” у Віцебск, і на абласныя “Дажынкі-2018” у Верхнядзвінск. Таму парадак уздоўж аўтадарогі – гэта важная і вельмі патрэбная справа.  Брыгады меліяратараў паспелі ўжо высекчы кустоўе ва Ужляціне і Язвіне. Наперадзе – некалькі аб’ектаў у Шуміліне, Захараве і Мікіцісе. Грошы на добраўпарадкаванне бяром з тых, якія выдзелены на тэхнічны догляд меліярацыйных сістэм. Пільная работа для нас – убраць вымачкі і зрабіць так, каб работнікі сельгаспрадпрыемстваў змаглі засеяць нізкія ўчасткі палеткаў аднагадовымі.  Складаны аб’ект рэканструявалі ў Губіцы. Але ж нашы работнікі з годнасцю справіліся: выкапалі дадатковыя каналы, поле разраўнялі  і засеялі травой”.
На мінулым тыдні мы пабывалі на  аб’екце “Лаўжанскае”, дзе  вёўся рамонт меліярацыйнай сістэмы. Тут працавала брыгада па ўкладцы дрэнажу, два бульдозеры і два экскаватары.
Вядома, магутная тэхніка, бульдозеры і экскаватары шмат дапамагаюць меліяратарам у рабоце. Але ж яшчэ не прыдумалі такія машыны, якія поўнасцю замяняюць ручную працу. Па-ранейшаму ўбіраць гліну з так званай меліярацыйнай паглынальнай калонкі трэба звычайнай рыдлёўкай. За такой работай мы засталі  рамонтніка штучных збудаванняў Эльдара Хайруліна.
На гэтым жа аб’екце на шматкаўшовым экскаватары па ўкладцы дрэнажу працаваў Валерый Свірыдзенка. Побач рупіліся мантажнікі знешняга трубаправода Каліна Сцепаненка і Віктар Васілеўскі. Разматаць новую пластыкавую дрэнажную трубу, злучыць са старой ганчарнай, якая была пакладзена яшчэ ў 70-ыя гады – гэта здольныя зрабіць толькі старанныя рукі чалавека.
Работнікі ПМС на аб’екце “Лаўжанскае” за месяц паспелі пакласці амаль восем кіламетраў дрэнажу. Засталося каля двух кіламетраў. А ўвогуле да канца мая меліяратары мяркуюць зрабіць два трубапераезды і здаць пяцьдзясят гектараў палеткаў сельгаспрадпрыемству  “Лаўжанскае”.
Дарэчы, меліяратары ў гэтым годзе пайшлі насустрач вяскоўцам з Мікіціхі, чые агароды, размешчаныя ўздоўж аўтадарогі Р-20, падтопліваліся вясной.  Работнікі ПМС прачысцілі каналы, прамылі калектары. А ўздоўж аўтадарогі выкапалі яшчэ і дадатковыя каналы – гэта дасць добрую магчымасць для сцёку вады.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №40 ад 24.05.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *