Сухастой і павалы, трухлявыя ствалы і дуплы – родны дом для многіх жывёл. Ачышчаючы лясы ад паваленых дрэў, мы знішчаем асяроддзе іх пражывання.
Сухастой і павалы фарміруюць таксама разнастайнае асяроддзе пражывання для мноства грыбоў, жывёлы і раслін. Жыццё большай паловы відаў, што пражываюць у натуральным лесе, так ці інакш звязана з мёртвымі дрэвамі. Для большасці з іх аджыўшыя дрэвы – паўнацэнны дом, без якога яны не выжывуць. “Мёртвая драўніна” выступае яшчэ і сховішчам вугляроду і азоту, а таксама вялікіх запасаў вады, яна рэгулюе лясную экасістэму, уплывае на ўзаемаадносіны звяроў і расліннасці.
Некаторыя дрэвы ахвотней аднаўляюцца на бураломе. На такіх ствалах часта з’яўляюцца маладыя елачкі – так яны могуць выжыць у шчыльным падлеску ці ў балоцістым алешніку.
Паміраючае ці нават яшчэ жывое дрэва аднымі з першых засяляюць грыбы. Грыбы, якія садзейнічаюць гніенню драўніны, пры гэтым і самі служаць субстратам харчавання для многіх насякомых. Насякомыя, як і грыбы, – утылізатары драўніны. Яны ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у лесе, у тым ліку надзвычай важныя для глебаўтварэння.
Жыццё многіх лясных звяроў і птушак у многім залежыць ад наяўнасці адпалай драўніны. Дуплістыя, паваленыя дрэвы, вывернутыя карані і сухастой забяспечваюць гэтыя і іншыя віды жыллём. Таму адным з асноўных патрабаванняў да планавання і вядзення лясной гаспадаркі з’яўляецца пакіданне пры правядзенні высечак прыдатных для пражывання разнастайных прадстаўнікоў лясной фаўны адзінкавых найбольш старых дрэў, дрэў з дупламі, сухастойных дрэў, дыяметр якіх перавышае сярэдні дыяметр насаджэнняў, у колькасці, дастатковай для захавання біяразнастайнасці.
У выніку вялікі “арганізм” – лес – зможа функцыянаваць бесперабойна.
Дзмітрый ПАДЛЯШЧУК,
галоўны ляснічы ДЛГУ “Шумілінскі лясгас”.
Надрукавана ў №41 ад 29.05.2018 г.
Прыватныя аб’явы, надрукаваныя ў №41 ад 29.05.2018 г.