На 11 июня в Шумилинском районе скошено 3246 гектаров травы, заготовлено 9379 тонн сенажа

Актуалии Экономика

Касілкі будзяць раніцу

У гаспадарках раёна зараз самы разгар корманарыхтоўкі. Гэта асноўны клопат, якім сёння жывуць аграрыі.
На 11 чэрвеня ў раёне скошана 3146 га травы, нарыхтавана 9379 тон сенажу.
На мінулым тыдні мы пабывалі ва ўрочышчы Маркава ААТ “Прыазёрны мір”, дзе працаваў корманарыхтоўчы атрад. Усе ўдзельнікі зялёнага жніва – як адзін зладжаны канвеер.  “Касілкі будзяць раніцу, бо а пятай гадзіне яны ўжо за работай”, – жартуюць мясцовыя механізатары. Такі падыход да работы зразумелы: касцам трэба загадзя нарыхтаваць травы, каб быў фронт работы для механізатараў, якія працуюць з граблямі, на КВК і на адвозцы.
КВК здрабняе падвяленую зялёнку, і ў трактарны прычэп сыплецца духмяны зялёны паток. Кіраўніцтва гаспадаркі хваліць сваіх мясцовых  механізатараў. Рупліва працуе на КВК Міхаіл Шыёнак, на адвозцы –  Аляксандр Васілевіч і Сяргей Пясецкі, на касілках – Дзмітрый Кошалеў і Генадзь Леановіч. Мужчыны скошваюць да паўсотні гектараў за дзень. Генадзь Леановіч, дарэчы, у мінулым годзе заняў першае месца ў раёне па кашэнні травы. Сёлета мяркуе спрацаваць не горш, хаця і кажа, што прыйдзецца вельмі пастарацца.
Першым укосам “Прыазёрнаму міру” трэба скасіць 1293 гектары, плануюць нарыхтаваць 8700 тон сенажу і 500 тон сена. “З даведзеным планам мяркуем справіцца, – кажа кіраўнік гаспадаркі Васіль Дзяцко. – Прыкладзём усе намаганні для таго, каб не атрымалася так, як летась, калі не хапіла корму на зімова-стойлавы перыяд.  Будзем працаваць і на няўдобіцы, і на кінутых людскіх агародах, і ўздоўж вёсак. Такім чынам і парадак навядзём ля населеных пунктаў і на далёкіх палетках, і кармоў сабе нарыхтуем”.
На мінулым тыдні ля фермы Маркава закладвалі першую сянажную траншэю, у якую змесціцца больш за тысячы тон корму. На траншэі арганізавана кругласутачная трамбоўка: пазменна працуюць механізатары Аляксандр Васілеўскі і Віктар Мацюшкоў. Дзяжурныя спецыялісты вядуць строгі ўлік корму.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №45 ад 12.06.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *