Травы просяць дажджу

Актуалии Экономика

Травы просяць дажджу

Сярод механізатараў, занесеных на Дошку гонару, зацверджаную ў раённай газеце “Герой працы”, большая палова – з сельгаспрадпрыемства “Лаўжанскае”. Гэта акалічнасць дае падставы рабіць вывады, што работа падчас зялёнага жніва тут арганізавана зладжана.

А гэта ўсё дзякуючы кіраўніцтву Віцебскага мясакамбіната, у інтэграцыйную структуру якога ўваходзіць “Лаўжанскае”.  З Віцебскага мясакамбіната вясной пастаўлялі мінеральныя ўгнаенні для падкормкі пашы і зерневых, выдзялялі тэхніку на пасяўную. І зараз, у разгар касавіцы, клапоцяцца, каб у “Лаўжанскім” было ў запасе паліва, каб не прастойвала тэхніка. Больш таго, з галаўнога прадпрыемства прадаставілі кормаўборачны камбайн з механізатарам. КВК працуе напрамую – адразу косіць і здрабняе траву. І такая тэхналогія апраўдана, сцвярджаюць аграномы, бо зялёнка ў сянажную траншэю кладзецца ўперамешку з падвяленай масай. Плюс дадаюцца кансерванты і соль. Поўнасцю заклалі сянажныя траншэі ў Спаскім, Цаўях і Латкове, у пачатку гэтага тыдня прыступілі да такой жа работы ў Рашэтніках. Але работы яшчэ непачаты край – гаспадарцы трэба скасіць першым укосам 2500 гектараў травы.
“За дзень усе разам прывозім да сянажнай траншэі па 270-280 тон травы,  – расказалі механізатары, што працавалі ва ўрочышчы Скавародзіна. – Магло б быць і больш, каб не засушлівае надвор’е –  недахоп вільгаці адчувальны. Травы вельмі просяць дажджу”. Падчас нашага прыезду на поле механізатары заканчвалі работу на 28-гектарным полі. “Ягуар”, на якім працаваў Андрэй Хадзюкоў, хутка перамяшчаўся па полі і напаўняў адзін прычэп за другім. Уладзімір Міляк з поўным прычэпам накіроўваўся да сянажнай траншэі, яго месца ля “Ягуара” займаў Аляксандр Новікаў, сваёй чаргі чакалі Алег Барысевіч і Уладзімір Дзюсупаў. Калі траншэя непадалёк, то механізатары вярталіся хутка, а вось калі далёка, то не перашкаджалі б яшчэ прычэпы, каб кормаўборачны камбайн не прастойваў.
На раніцу 14 чэрвеня ў “Лаўжанскім” было скошана 802 гектары травы, нарыхтавана 3042 тоны сенажу і 282 тоны сена.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №46 ад 15.06.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *