Июньский припар в «Роднике»

Актуалии Экономика

Дзмітрый Базар касіў траву, а потым падчапіў да свайго трактара прэс-падборшчык. На мінулым тыдні за дзень паспяваў спрасаваць да 40 тон сена

Бабова-злакавы “пірог” – для жывёлы

“На плячах пасяўной заехалі ў корманарыхтоўку, – гэтак вобразна расказвае пра касавіцу кіраўнік СФГ “Раднік” Юрый Сямёнаў. – Калі іншыя гаспадаркі сеялі толькі зерневыя, то мы і шматгадовымі травамі займаемся, і бульбу вырошчваем. Сёлета ўсе работы нахлынулі неяк раптоўна і адначасова. Вось таму крыху і спазніліся з нарыхтоўкай кармоў”.
Тым не менш механізатары гаспадаркі стараюцца дагнаць сваіх калег. На ўчарашні дзень, 18 чэрвеня, у “Радніку” было скошана 193 гектары травы, нарыхтавана 545 тон сенажу. На палетках працуюць кормаўборачны камбайн, дзве касілкі, тры трактары і два аўтамабілі на адвозцы. Гэтага дастаткова, каб нарыхтаваць чатыры тысячы тон сенажу, тры тысячы тон сіласу, дзвесце тон сена. Юрый Сямёнаў хваліць сваіх мясцовых механізатараў – Валерыя Шэдзько, Андрэя Смоляра, Дзмітрыя Базара, а таксама памочнікаў з камунгасу Аляксандра Ушала і Дзмітрыя Баранава, якія падчас корманарыхтоўкі селі за руль трактароў. Прычым, многія з мужчын працуюць на розных агрэгатах.
У “Радніку” кожны год на зіму нарыхтоўваюць кармы з запасам. Ды і якасці яны добрай. А ўсё таму, што прытрымліваюцца строгай тэхналогіі: чаргуюць у сянажнай траншэі бабовыя, багатыя на бялок, і злакавыя, якія ўтрымліваюць шмат вугляводаў. З аднаго поля прывозяць канюшыну і галегу, з другога – аўсяніцу ці фестулоліум. Культуры перамешваюцца ў сянажнай траншэі і атрымліваецца, як жартуюць у гаспадарцы, “слоены пірог”, багаты на вітаміны. З такім вось “пірагом” зіму перажыць не страшна. Ды і надоі ў гаспадарцы, як паказваюць мінулыя гады, падчас зімова-стойлавага перыяду адны з лепшых у раёне. Мясцовыя жывёлаводы не сумняваюцца, што будуць трымаць марку і сёлета.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №47 ад 19.06.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *