Магазін “8 Марта” цяпер ёсць і ў Шуміліне

Новости Экономика

Магазін “8 Марта” цяпер ёсць і ў Шуміліне

Дырэктар «Карына-гандлю» Аляксандр Мацуганаў, намеснік дырэктара ААТ «8 Марта» Вольга Шолахава і кіраўнік раёна Аляксандр Снараў адкрываюць новы магазін.

Яшчэ на адзін гандлёвы аб’ект у Шуміліне стала больш. Да нас у райцэнтр прыйшоў фірменны гандаль – гомельская фабрыка “8 Марта” са сваім славутым якасным трыкатажам для ўсёй сям’і. Аднайменны магазін адкрыў у будынку былога магазіна “Гасцінец”, што па вуліцы Лескавіцкай, дырэктар прыватнага гандлёвага прадпрыемства “Карына-гандаль” Аляксандр Мацуганаў. На ўрачыстым адкрыцці прысутнічаў кіраўнік раёна Аляксандр Снараў. Таксама прыехалі прадстаўнікі з фабрыкі і філіяла гандлёвай сеткі па Віцебскаму рэгіёну.
Багаты і шырокі асартымент прадстаўлены ў магазіне: лінейка трыкатажных вырабаў для жанчын, мужчын, дзіцячы і школьны трыкатаж, вопратка для самых маленькіх, купальныя касцюмы і плаўкі, панчошна-шкарпэтачныя вырабы – больш за дзве тысячы найменняў. Усё – у свабодным доступе. Прадстаўнікі прадпрыемства на адкрыцці заўважылі, што прадукцыю “8 Марта” вызначаюць аптымальныя суадносіны цаны і якасці, модная расфарбоўка і стыльнасць мадэляў, практычнасць і камфорт.
Асартымент, паабяцаў Аляксандр Мацуганаў, будзе пашырацца. Плануе ён дапоўніць магазін падарачнымі і сувенірнымі наборамі, пасцельнай бялізнай. Наогул, акцэнт будзе рабіцца на тэкстыльныя вырабы.
Што тычыцца скідак, якія вельмі даспадобы пакупнікам, – яны таксама будуць, як, між іншым, розныя акцыі і распродажы.
Гандлёвы аб’ект будзе працаваць шэсць дзён у тыдзень – з 10.00 да 19.00 з панядзелка па пятніцу, з 10.00 да 15.00 – у суботу, з адным выхадным у нядзелю.
Вы яшчэ не наведалі “8 Марта”? Калі ласка, магазін чакае вас за пакупкамі!
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №53 ад 13.07.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *