Новаму стагоддзю – здаровае пакаленне!

Актуалии Здоровье Общество

Новаму стагоддзю – здаровае пакаленне!

Гэты дзень варты таго, каб святкаваць яго да позняга вечара. Будзем лічыць, што як сустрэнеш Дзень ведаў, так і правядзеш наступныя 9 месяцаў школьнага жыцця. А ў Шуміліне ў гэты дзень было па-сапраўднаму шумна і весела. Школьныя званкі змяніліся танцамі, песнямі, конкурсамі, выставамі, спартыўнымі спаборніцтвамі. Дзяцей падтрымалі бацькі і нават бабулі з дзядулямі, узяўшы ўдзел у мерапрыемствах пад дэвізам “Новаму стагоддзю – здаровае пакаленне”.

Пасля лінейкі дзеці акупіравалі гарадскі парк, дзе работнікі культуры падрыхтавалі для іх вялікую праграму. Дзеці сталі галоўнымі героямі тэатралізаванага прадстаўлення “У добры шлях, Карабель Ведаў!”. Яны цягнулі рукі ўверх, каб даць правільны адказ на загадку – стала зразумела, што за лета яны не забыліся на гэты галоўны рытуал любога ўрока. Рука ўверх – правільны адказ на пытанне, і  дзясятка ў цябе ў кішэні. А калі нават і не дзясятка, то што з таго? Галоўнае – быць дапытлівымі, стараннымі, рабіць усё з задавальненнем. Дзеці спрабавалі сябе ў кемлівасці, спрыце, праяўлялі пачуццё гумару і па-сапраўднаму весяліліся.
Дзіцячая школа мастацтваў запрасіла герояў і гасцей свята на бульвар юных мастакоў, дзе можна было не толькі пазнаёміцца з лепшымі работамі юных мастакоў, але і паспрабаваць сябе ў гэтым мастацтве.
Фотасушку прапанавала раённая газета “Герой працы”, падабраўшы для выставы яркія фотаздымкі, на якіх застылі радасныя імгненні спартыўных перамог і здзяйсненняў.
Без увагі не застаўся нават асфальт, які дзеці з задавальненнем запоўнілі малюнкамі на тэму “Дрэва здароўя”. Гэта важная для кожнага чалавека тэма праявілася і ў флэшмобе “Планета здароўя”, і ў квест-гульні “Лабірынты здароўя”.
У гісторыка-краязнаўчым музеі можна было наведаць міні-экспазіцыю школьных прылад мінулых гадоў “Буквар. Пяро. Лінейка…”, некаторыя экспанаты якой здатныя выклікаць сапраўднае здзіўленне ў сучасных дзяцей. Супрацоўнікі музея ўласнымі сіламі збіралі экспазіцыю, і яна будзе працаваць да канца верасня. Асабліва раім наведаць музей дарослым – настальгія па школьных гадах вам гарантаваная.
А на пляцоўцы перад музеем разгарнулася інтэрактыўная пляцоўка “Раўненне на волата”, дзе можна было не толькі даведацца падрабязнасці біяграфіі беларускага асілка Фёдара Махнова, падзівіцца з яго меню і асаблівых звычак, але і яшчэ больш уразіцца, прыклаўшы да сваёй галавы макет ягонага вуха, прымераўшы яго капялюш. Таксама музей прапанаваў пазл-конкурс “Розум. Хуткасць. Азарт”, выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці і іншыя пазнавальныя і цікавыя ідэі.
Пакуль у зоне гарадскога парку групаваліся дзеці, дарослыя падцягваліся да галоўнай плошчы горада ў спартыўнай форме і кедах, а некаторыя – прыхапіўшы абцасы. З жанчынамі ўсё зразумела: яны, прадбачлівыя, і пашпарт з фатой на ўсялякі выпадак пры сабе могуць мець. Але ж мужчыны?..
Гарадская спартыўная супольнасць праяўлялася ў лёгкаатлетычных забегах.
Каля сотні чалавек з 13 арганізацый і прадпрыемстваў раёна паўдзельнічалі ў эстафеце, забегу на 200 метраў і ў мас-старце на 1300 метраў.
Забег на абцасах дазволілі сабе толькі самыя смелыя, сярод якіх быў і адзін мужчына, які, дарэчы, абараняў гонар УП ЖКГ.
Прывычна шмат моладзі вечарам у гарадскім парку сабрала дыскатэка “Фарбы Холі”, гукі музыкі якой яшчэ доўга нагадвалі гораду пра свята.
Мерапрыемствы ў рамках свята “Новаму стагоддзю – здаровае пакаленне”  прайшлі ў розных кропках раёна.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №68 ад 04.08.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *