Криминал. Происшествия

Актуалии Происшествия

Сведкі, адгукніцеся
11 верасня а восьмай гадзіне вечара ў Зямцах адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Невядомы вадзіцель на аўтамабілі (марка дакладна не ўстаноўлена) наехаў на жыхарку вёскі Зямцы. Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў жанчына памерла на месцы здарэння.
Супрацоўнікі РАУС просяць адгукнуцца сведкаў гэтага здарэння і патэлефанаваць па нумарах 102, 4-10-06, 4-18-50. Ананімнасць гарантуецца. За інфармацыю прадугледжана ўзнагарода.
Рухавік
З Віцебскага філіяла “Белтэлекам” паведамілі ў міліцыю, што непадалёк ад вёскі Мікалаёва абакралі трактар, які належыць прадпрыемству. Знікла магнета рухавіка ад Т-130. Урон, нанесены прадпрыемству, складае больш за мільён рублёў. Як высветлілася, трактар работнікі “Белтэлекама” пакінулі на ноч ля вёскі без нагляду і без аховы. Па дадзенаму крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.
Дысцыпліна
Жыхарка в. Залессе ў пачатку гэтага года за ўхіленне ад выплаты сродкаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей была асуджана судом Шумілінскага раёна да двух гадоў выпраўленчых работ. З жанчыны вылічвалі 15% заробку. Але асуджаная не хацела працаваць, дапускала прагулы. Праз паўгода яна была асуджана да 1,6 года абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Але і тут жанчына не хацела прытрымлівацца ўстаноўленага рэжыму працы і жыцця. Згодна з арт. 415 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Ухіленне ад адбыцця пакарання” супраць вясковай жыхаркі ўзбуджана крымінальная справа.
Міна
Грамадзянін Расіі, які прыехаў да родзічаў у вёску Убоіна, у лесе знайшоў супрацьтанкавую міну. Пра знаходку паведаміў у міліцыю. Неўзабаве прыехала група размініравання з Віцебска.
Супраціўленне
Нярэдка ў поле зроку міліцыянераў, якія патрулююць па вуліцах нашага горада, трапляюць нецвярозыя людзі, якія парушаюць грамадскі парадак. Так, вераснёўскім вечарам на мінулым тыдні на вуліцы Луначарскага затрымалі п’янага жыхара Шуміліна. Але на супрацоўніка РАУС, што суправаджаў затрыманага да райаддзела, знянацку з кулакамі накінуўся другі жыхар райцэнтра і нанёс некалькі ўдараў па галаве, спрабуючы такім чынам вызваліць сябра. Гэтага зрабіць не ўдалося.  А вось за бойку і супра-ціўленне работніку міліцыі супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа. Цяпер яму пагражае абмежаванне волі да пяці гадоў або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *