Президиум Шумилинского райсовета проанализировал выплаты налогов и обеспечение топливом

Актуалии Президент Экономика

Паступленні ў бюджэт і паліва для насельніцтва
Да канца года засталося не так і шмат часу, а гэта значыць, што трэба прааналізаваць, як суб’екты гаспадарання раёна выконваюць падатковае заканадаўства, у прыватнасці, як плацяць падаткі ў бюджэт і якія меры прымаюцца па выкананні планаў паступленняў. І актывізаваць работу. Другая не менш важная задача  – высветліць, як насельніцтва нашага раёна забяспечана палівам. Гэтыя два пытанні сталі асноўнымі падчас абмеркавання на пасяджэнні прэзідыума райсавета дэпутатаў, якое вяла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава.
Па першым пытанні быў заслуханы даклад Вольгі Каўгуновай, намесніка начальніка інспекцыі, начальніка аддзела па рабоце з плацельшчыкамі па Шумілінскім раёне інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Віцебскім раёне.
Нягледзячы на тое, што забяспечана выкананне планавых заданняў па ўсіх даходных крыніцах і тэмп росту падатковых паступленняў у кансалідаваны бюджэт у параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года склаў 115,2% (у тым ліку ў рэспубліканскі бюджэт – 149,8%, па мясцовым бюджэце прырост паступленняў  – 4,7%), адзначаецца адмоўная дынаміка паступленняў па падатку на дабаўленую вартасць (83,8%), падатку на нерухомасць (91,4%), экалагічным падатку, падатку на здабычу і інш. У сувязі з гэтым страты бюджэту склалі 1653,4 тыс. рублёў.
Па словах Вольгі Мікалаеўны, тэмпы падатковых паступленняў не вытрымліваюць усе арганізацыі дзяржаўнага сектара эканомікі, за выключэннем устаноў і ўнітарных сельгаспрадпрыемстваў. Найбольшыя сумы страт дапушчаны дзяржаўнымі прадпрыемствамі і акцыянернымі таварыствамі.
На пасяджэнне былі запрошаны і трымалі справаздачы кіраўнікі сельгасарганізацый і прадпрыемстваў, якія маюць запазычанасці па выплатах падаткаў і збораў у бюджэт.
Аб ходзе выканання пастановы прэзідыума райсавета дэпутатаў ад 19.09.2016 г. № 79 “Аб рабоце Шумілінскага філіяла Віцебскага абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблпаліў”, ДЛГУ “Шумілінскі лясгас” па забеспячэнні насельніцтва раёна палівам з дакладам выступілі начальнік Шумілінскага філіяла “Віцебскаблпаліву” Уладзімір Кійко і дырэктар лясгаса Аляксандр Лабынцаў.
На сённяшні дзень гэта галоўныя арганізацыі ў раёне, якія забяспечваюць насельніцтва палівам па фіксаваных цэнах. Так, Шумілінскім філіялам за дзевяць  месяцаў бягучага года рэалізавана торфабрыкету на 126 тон больш узроўню 2017 года, рэалізацыя яго насельніцтву павялічылася на 119 тон.
Пастаўка дроў на склад філіяла за студзень-верасень 2018 года склала 3306 м куб., што на 1470 м куб. больш адпаведнага перыяду мінулага года. Палівам забяспечана 945 індывідуальных домаўладанняў грамадзян, што вышэй аналагічнага перыяду мінулага года на 306 домаўладанняў. Да канца года філіял мяркуе выйсці на лічбу ў паўтары тысячы.
Павялічвае тэмпы ў рэалізацыі дроў насельніцтву Шумілінскі лясгас, які за 9 месяцаў паставіў дроў насельніцтву амаль 3 тыс. м куб. (167,3% да аналагічнага перыяду мінулага года), гэта амаль 200 домаўладанняў (на 60 дамоў больш, чым у 2017 г.). Па жаданні насельніцтва лясгас адпускае драўніну і на корані, так за справаздачны перыяд адпушчана яе 1540 кубічных метраў (69% да аналагічнага перыяду 2017 г.).
Павелічэнне попыту грамадзян на дровы тлумачыцца халоднай мінулагодняй зімой і змяншэннем рэалізацыі дроў насельніцтву прыватнікамі.
Нягледзячы на тое, што ў раёне наладжана бесперабойнае забеспячэнне насельніцтва цвёрдымі відамі паліва, практычна няма чэргаў, ёсць пытанні  па дастаўцы, выдзяленні ўчасткаў для саманарыхтоўкі дроў каля населеных пунктаў і г. д.  Неабходна таксама ўдасканальваць работу па аказанні існуючых, развіцці новых і дадатковых відаў паслуг.
Па абмеркаваных пытаннях прыняты адпаведныя пастановы.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №85 ад 02.11.2018 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *