75 лет назад одними из первых в области были освобождены Мишневичи

Актуалии Образование

Да 75-годдзя вызвалення Віцебскай вобласці

Усё далей ад нас вайна. Многа гадоў прайшло з таго часу, але вайна не адпускае нас. Нагадвае пра сябе то знойдзенымі снарадамі, то салдацкай каскай…
Мішневічы – адзін з першых населеных пунктаў у нашым раёне, які быў вызвалены ад нямецка-фашыскіх захопнікаў. Гэта падштурхнула настаўнікаў гісторыі Мішневіцкай СШ разам з вучнямі ўзяцца за праект “Мы гэтай памяці верныя”. Не адзін год школьнікі збіралі звесткі пра вызваленне Мішневіч, успаміны ветэранаў і сведкаў вайны, папаўнялі школьны музей. І ў Год малой радзімы, да 75-годдзя вызвалення Мішневіч і  Віцебшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў атрымаўся цікавы гістарычны праект.

“Мы гэтай памяці верныя”
З аператыўнай зводкі за 24 снежня 1943 года
Войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту 24 снежня штурмам узялі горад і буйную чыгуначную станцыю Гарадок, а таксама занялі больш за 60 населеных пунктаў, сярод іх – Мішневічы, Бываліна, Бярозаўка, Бубны, Странадкі, Малае Кашо, Сыроўня, Волкава, Сіманяты…
Цяжкія баі за вызваленне
У вызваленні Мішневіч у 1943 годзе прымаў удзел 287-ы полк 51-й стралковай дывізіі, якім камандаваў падпалкоўнік Міхаіл Нікандравіч Нікандраў.
У пачатку лістапада 1943 года  полк Нікандрава заняў абарону на ўчастку Казьяны-Мішневічы. Пярэдні край у асноўным праходзіў па лясіста-балоцістай мясцовасці. Значную дапамогу савецкім воінам аказалі жыхары вёсак Малькаўшчына і Мішневічы, якія дапамагалі прадуктамі харчавання. У пачатку студзеня 1944 года група гітлераўцаў падышла  да левага фланга роты, якая абараняла Мішневічы. Завязаўся бой.  Ад рашучага ўдару немцы пачалі адыходзіць.
У лютым 1944 года гітлераўцы пад прыкрыццём лесу і кустоўя падышлі даволі блізка да таго месца, дзе сядзелі ў засадзе нашы салдаты. Не заўважыўшы іх,  немцы пачалі страляць з гранатамётаў. Аднак лейтэнант Васільеў і яго баявыя таварышы не разгубіліся. Яны працягвалі весці кулямётны агонь – амаль палова фашыстаў была знішчана. За мужнасць і адвагу лейтэнант Васільеў і салдаты, што знаходзіліся разам з ім, былі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі.
Аднойчы салдаты заўважылі на сваёй тэрыторыі сляды варожых разведчыкаў. Было вырашана ўстроіць засаду – узвод разведчыкаў пад камандаваннем малодшага лейтэнанта Астахава на моцным марозе з ветрам чакаў праціўніка больш за суткі. Калі фашысты падышлі зусім блізка, іх сустрэлі агнём. Каля дваццаці варожых салдат былі застрэлены, разведчыкі ўзялі “языка”.
Гітлераўцы неаднаразова пераходзілі ў атаку. У сярэдзіне мая ў час адной з такіх атак вораг акружыў роту старшага лейтэнанта Мініна. Пяць дзён рота вяла жорсткія баі з ворагам.  Камандзір прапанаваў ноччу выйсці да пярэдняга краю нямецкай абароны, а затым па нізіне, зарослай кустоўем, абысці заслоны ворага і далучыцца да сваіх. Немцы не чакалі такога смелага кроку, таму аперацыя ўдалася. Рота не толькі выйшла з акружэння, але яшчэ і захапіла ў палон двух варожых салдат. За гераізм і мужнасць увесь асабісты састаў роты быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі.
Шэсць месяцаў працягваліся напружаныя баі на мішневіцкай зямлі. А калі ў чэрвені 1944 года пачалася аперацыя “Баграціён”, нашы войскі магутным ударам прарвалі абарону праціўніка і рушылі далей на захад.
З успамінаў ветэранаў
Ганна Аляксееўна Старавойтава, в. Заобаль:
“Бацька мой, Аляксей Іванавіч Іваноў, з першых дзён арганізацыі партызанскага руху пачаў змагацца супраць фашыстаў.  Кіраўнікамі партызанскіх атрадаў былі А. Эрдман, А. Сіпко. Я таксама сустракалася з імі. У нашым доме партызаны знаходзілі сабе дах над галавой і ежу. Маці, Алена Пятроўна, карміла іх. А я ў гэты час патрулявала на вуліцы. Так працягвалася да канца 1942 года.  Калі партызаны сталі актыўна дзейнічаць, фашысты арганізавалі блакаду. Усю тэхніку кінулі супраць партызан. Таму ім прыйшлося адыходзіць у Расонскі раён. Я разам з бацькам таксама пайшла да партызан. У час баёў я падавала снарады. Удзельнічала ў разгроме двух гарнізонаў у в. Белае Полацкага раёна і в. Асвея Верхнядзвінскага раёна. Бацька трапіў у акружэнне, дзе знаходзіўся цэлы месяц. А мне разам з іншымі партызанамі ўдалося вырвацца з акружэння. І ў канцы снежня 1943 года мы адправіліся за лінію фронта. Перапраўляцца было цяжка, бо неслі яшчэ і скрыні з патронамі. Якая ж была радасць, калі сустрэліся са сваімі! Усіх мужчын адправілі на фронт. А мне сказалі: “Непаўналетнім – дадому!”. Неўзабаве я апынулася ў Рыбчыне, дзе мяне прытуліла стрыечная цётка.
Мой зямляк Іваноў Іван, якія быў разам з бацькам у акружэнні, прынёс сумную вестку: “Загінуў твой татка”. Я доўга плакала пасля гэтых слоў. А пасля некалькіх дзён – о, цуд: бацька вярнуўся. Вось дзе было шчасце! Аказваецца, яго параненага выцягнуў з рэчкі камандзір. Пасля лячэння бацьку выдалі “белы” білет.
Пасля вайны я працавала ў калгасе. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені і юбілейнымі медалямі”.
Валянціна Іларыёнаўна Максімава, в. Сураўні:
“Я помню, як былі спалены вёскі Панамары, Ціжма, Сураўні.
Праз Заполле на Казьяны праехала каля паўсотні нямецкіх веласіпедыстаў. “Нядрэнна іх было б папужаць”, – падумалі партызаны. Мы селі ў засадзе і чакаем. Падпольшчыкі ўдарылі па нямецкім ланцужку, які адступаў да рэчкі Чарнаўкі.
Праз некалькі дзён у Панамары прыйшлі партызаны, збілі замкі з амбараў, дзе немцы хавалі зерне, і раздалі яго вяскоўцам. Ад фашыстаў чакалі помсты. Таму папярэдзілі жыхароў Ціжмы, Панамароў і Сураўнёў. Першыя дзве вёскі да вечара апусцелі. Толькі вось суравенцы думалі, што пранясе.
Але не пранесла. Раніцай убачылі нямецкую разведку, а за ёй – бранявік. Хвілін праз 20 з-за гары падняліся клубы дыму. Яны чарнелі на вачах, пашыраліся. Усе тры вёскі – Панамары, Ціжма, Сураўні – былі спалены. Попел і чорныя печкі, як помнікі, застылі на месцах трох вёсак”.
Марыя Дзмітрыеўна Іванова, в. Красамай:
Мяне, 20-гадовую дзяўчыну, у 1943 годзе прызвалі на ваенную службу. Апынулася на 1-м Беларускім фронце, у 159-й стралковай дывізіі.  Нам, дзяўчатам, даверылі важную работу: ноччу мы разгружалі вагоны з боепрыпасамі, а днём грузілі скрыні са зброяй на машыны, якія потым адпраўлялі на фронт. Помню, скрыні былі да таго цяжкія, што ледзь падымалі іх учацвярых. І пасля вайны, калі некаторыя ўхмыляліся і казалі: ”Ды што там дзяўчаты на фронце рабілі, толькі галаву кружылі салдатам”, я заўсёды адказвала: “Мы працавалі, ваявалі, дапамагалі. А кружыць галаву не было калі. Пра каханне думалі пасля перамогі”. Дарэчы, на 1-м Беларускім фронце ваяваў і муж Марыі Дзмітрыеўны. З вайны вярнуўся са шматлікімі ранамі, якія не далі доўга пражыць.
“Мы вас на сваю зямлю не запрашалі”
Мішневічы былі акупіраваны фашыстамі 9 ліпеня 1941 года. Яны прыйшлі ў вёску і адразу ж сталі рыскаць па хатах.
На прызбе свайго дома сядзеў мясцовы жыхар Фядот Сяргушкін. Ён спакойна курыў трубку. Гітлераўцы загадалі старому ўстаць і прывітаць іх. Аднак мужчына не спяшаўся падымацца. Не спяшаючыся, ён выкалаціў попел з трубкі, кінуў зневажальны погляд на фашыстаў і загаварыў цвёрда і рашуча: “Мы, савецкія людзі, вас на сваю зямлю не запрашалі і вашым праклятым законам падпарадкоўвацца не будзем. Так што, пакуль не позна, убірайцеся туды, адкуль прыйшлі”.
Гітлераўцы расстралялі адважнага патрыёта, а ягоны дом спалілі. Зараз на гэтым месцы новы дом, а побач з ім расце бяроза, пасаджаная былым гаспадаром яшчэ да вайны.
*   *   *
Жыхары Мішневіч  уступілі ў Сіроцінскую партызанскую брыгаду,  з якой потым утварыліся брыгады імя Леніна (камандзір М. Сакмаркін, камісар А. Сіпко) і імя Кароткіна (камандзір В. Талаквадзэ, камісар А. Эрдман). Гэтыя брыгады змагаліся ў 1942-1944 гадах супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Шумілінскага, Гарадоцкага, Полацкага, Бешанковіцкага, Расонскага, Ушацкага, Глыбоцкага, Міёрскага і Шаркоўшчынскага раёнаў.
Землякі – удзельнікі вайны
Уладзімір Карпавіч Спірыдонаў нарадзіўся ў в. Старынкі Сіроцінскага раёна.
Са снежня 1939 года  служыў у 322-й асобнай артылерыйскай дывізіі.
Звольнены ў запас у чэрвені 1946 года ў званні старшага сяржанта.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў”, “За баявыя заслугі”.
Памёр 7 ліпеня 1993 года.
Мікалай Іванавіч Кандраценка нарадзіўся ў 1912 годзе ў в. Сіманяты Сіроцінскага раёна.
У час Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на фронце. Мае ордэн 1-й ступені Вялікай Айчыннай вайны, два ордэны 2-й ступені Вялікай Айчыннай вайны,  ордэн Чырвонай Зоркі.
Пасля дэмабілізацыі вярнуўся дадому, дзе працаваў старшынёй калгаса вёсак Трыпутні, Сіманяты, Шчарбакі, Барсучына.
Памёр 2 сакавіка 1986 года.
Старонку падрыхтавала Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №86 ад 06.11.2018 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *