32 семьи из Оболи встретят новый год в новых квартирах

Актуалии Общество

А наваселлі – бліжэй да зімы
Яшчэ гадоў пяць таму ў Обалі стваралі жыллёва-будаўнічы кааператыў. Але выйшла асечка: на шматпавярхоўку не набралася людзей. Перш за ўсё таму, што многія баяліся, што “не пацягнуць” кватэру. А ў мінулым годзе далі крэдыт тэрмінам на сорак гадоў усяго пад 1%. “Такі крэдыт для нас, як падарунак, – гаворыць Т. М. Аляксеева, старшыня будаўнічага кааператыву. – Работнікі  керамічнага завода, хто мае патрэбу ў жыллі, раздумвалі нядоўга. Праўда, год таму крыху насцярожвала цана: 2,6 мільёна за квадратны метр. Але сёння пра гэта ўжо не думаем, тым больш, што завод зрабіў скідку на цэглу ажно напалову”.
Зараз будаўніцтва кааператыўнага дома падыходзіць да фінішу. Кожны дзень тут кіпіць работа. Як расказалі будаўнікі ПМК-70, дом плануюць здаць месяцы праз два. “Так, раней лістапада не справяцца, – пацвярджае начальнік аддзела па будаўніцтву і архітэктуры райвыканкама, галоўны архітэктар раёна З. А. Мясаедава. – Узніклі праблемы з фінансаваннем. Тым не менш на 1 верасня асвоена 2,5 мільярда рублёў, з іх 2,2 мільярда – крэдыты банка”.
Будаўнікі імкнуцца накрыць дах, а ўнутраныя работы можна будзе рабіць і з першымі маразамі. Кватэры здадуць “пад ключ”. Будучыя навасёлы згадзіліся на драўляныя шклопакеты. Міжпакаёвыя дзверы таксама будуць драўляныя, падлогу засцеляць ДСП. Праўда, далёка не ўсіх абальчан задавальняе тое, што сцены кухні і санвузла будуць фарбаваць. Гэту праблему вырашылі: некаторыя самі купілі шпалеры.
“З нецярпеннем чакаем наваселля, – расказвае жыхарка Обалі Г. Я. Шабліна. – Жывём пакуль у інтэрнаце. Уласнае жыллё цанілася ва ўсе часы. Планіроўка нашай двухпакаёвай кватэры добрая, пакоі выходзяць на сонечны бок. Калі пераселімся, мару купіць новую кухню”.
З 32 кватэр чатырохпавярховага дома ёсць адна сацыяльная і тры заводскія. На заводскія свая чарга, атрымаць іх могуць спецыялісты ОКЗ.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №73 ад 23.09.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *