«Человек года Витебщины»: Андрей Гулаков

Актуалии Общество Экономика

Дваццаць год на ОКЗ

У мінулым годзе ганаровае званне “Чалавек года Віцебшчыны” ў намінацыі “прамысловасць, гандаль і паслугі, фінансавая дзейнасць, малы і сярэдні бізнес” прысвоена загрузчыку-выгрузчыку сыравіны і паліва цэха № 2  ААТ “Обальскі керамічны завод” Андрэю Гулакову.
Пасля арміі, 20 год назад, Андрэй Мікалаевіч уладкаваўся на завод садчыкам у цэх №1.  Менавіта з гэтага часу завод стаў для яго нечым большым, чым проста работа. Калі жаніўся, і жонка  Святлана прыйшла таксама працаваць на ОКЗ.
– Андрэй Мікалаевіч – спакойны і разважлівы. Да работы ставіцца з адказнасцю. Цяпер працуе за-грузчыкам-выгрузчыкам, хаця, па праўдзе кажучы, ён ведае ўвесь тэхналагічны працэс і ў любы момант можа прыйсці на дапамогу. З такімі, як Андрэй Гулакоў, лёгка працаваць і калегам, і кіраўніцтву, – такую характарыстыку дало перадавіку кіраўніцтва ОКЗ.
Як прызнаецца ён сам, найбольш складаным быў час, калі ў цэху №2 праводзілася мадэрнізацыя. “Кожны разумеў, што без мадэрнізацыі  ў завода няма будучыні, – дзеліцца Андрэй Мікалаевіч. – Асабліва адчувалася трывога ў тых, хто працаваў у цэху №1. Нас адразу папярэдзілі, што працаваць у адноўленым цэху №2 будуць толькі лепшыя”.
Пра сваю сённяшнюю работу Андрэй Мікалаевіч расказвае не вельмі падрабязна: “А што тут можна расказаць. Сачу за тым, каб гліна роўным слоем, без камякоў паступала на вытворчасць. Таксама дадаю розныя дабаўкі ў сыравіну. Работа патрабуе пастаяннай уважлівасці. Менавіта ад якасці сыравіны залежыць якасць гатовай прадукцыі”.
Дарэчы, жонцы Андрэя Гулакова Святлане ў 2016 годзе прысвоілі ганаровае званне “Жанчына года Шуміліншчыны” ў сферы будаўніцтва”. Наогул, пра сваю сям’ю А. М. Гулакоў расказвае ахвотна і з задавальненнем. У Андрэя і Святланы два сыны. Яны выхоўваюць іх шчырымі і працавітымі, бо такая ў іх сям’я, дзе кожны разумее, што без добрасумленнай працы ў жыцці нічога не дасягнеш.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №12 ад 08.02.2019 г.