Бульба, зерне, гародніна, рыба – што яшчэ можна было купіць на кірмашы, які ладзіўся ў Шуміліне?

Новости Общество Экономика

Яркія фарбы восеньскага кірмашу

Бульба, зерне, гародніна, рыба – што яшчэ можна было купіць на традыцыйным восеньскім кірмашы, які ладзіўся ў мінулую суботу ў Шуміліне?

Капусту з Брэсцкай вобласці разабралі за паўгадзіны.

Кірмаш – гэта заўжды свята. У нейкім сэнсе ўнікальная магчымасць для адных – хутка і выгадна прадаць лішкі з агарода, для другіх – не менш выгадна іх купіць. Ведаем, што шумілінцы гэты дзень чакаюць, нават з раёна людзі прыязджаюць паштурхацца паміж пакупнікоў.
У гэты раз упершыню за многія гады кірмаш разгарнуўся на вуліцы Ленінскай. Ужо а чацвёртай гадзіне раніцы гандляры пачалі ўладкоўвацца на сваіх месцах. У 8.00 зайграла вясёлая музыка, абвяшчаючы пачатак вялікага гандлю.
Самыя вопытныя пакупнікі ведаюць: каб выгадна закупіцца, доўга спаць не варта. Узяць хоць бы пшаніцу, якую УП «Шумілінскі райаграсэрвіс» прадавала па 20 рублёў за мех. Мы тры мяхі ўхапілі, але каштоўны тавар разышоўся літаральна за паўгадзіны. Хутка не стала і капусты, якую аддавалі па рублю за кілаграм. Нам і тры качаны даволі, а тыя, хто квасіць надумаў, сеткамі бралі. Бульбу аддавалі па рублю за кіло, буракі – ад 70 капеек да 2 рублёў (але і іх хутка не стала).
Ужо шмат год кірмаш не прапускаюць Лідзія і Анатоль Шароўскія з Шуміліна. Тавар прывезлі на сваім мотаблоку. Прапаноўвалі мёд, бульбу, буракі, моркву і нават гуркі па 2 рублі за кіло.
– Бульба сёлета ўрадзіла добрая: з 20 баразён 42 мяхі ўзялі. А разварваецца як, а смачная!..– дзеліцца гаспадыня.
А Любоў Вараб’ёва гандлявала кветкамі. Жанчына вырошчвае больш за 40 гатункаў хрызантэм, 56 – флёксаў. Гэта на продаж. Сама ж любіць хвойнікі і дэкаратыўныя расліны.
– Хрызантэмы вырошчваць нескладана, але пару нюансаў ёсць, – дзеліцца сакрэтамі Любоў. – Гэта сухая зімоўка і дзяленне куста па восені. Марозу гэтыя кветкі не баяцца, а калі вымакнуць, то прападуць.
Мёд на кірмашы аддавалі па 6-7 рублёў за паўлітровы слоік. Як адрозніць добры тавар, патлумачыла Леангіна Барысевіч з Кардона.
– Якасны мёд цягнецца “нітачкай”, і нітачка гэта не павінна перарвацца, – гаворыць гаспадыня, набірае апалонікам янтарнага колеру прадукт і дэманструе яго бездакорную якасць. У Леангіны Казіміраўны 25 домікаў. Раней пчоламі займаліся разам з мужам. Як яго не стала, працягвае справу адна.

Вялікі асартымент нарыхтовак з гародніны прапаноўвала Амбросавіцкая школа.

Шматлюдна і весела было ля прылаўкаў устаноў адукацыі раёна, дзе прапаноўвалі не толькі гародніну, але і печыва, саджанцы і нават марынацыю. Напрыклад, не ўсім жадаючым хапіла пірагоў з яблыкамі па 3 рублі за штуку ад СШ № 1. У гандляроў СШ № 2 можна было набыць трохлітровы слоік салёных агуркоў па эксклюзіўным рэцэпце. Пірог “Пяшчота”, шарлотку і агуркі па-карэйску прапаноўвалі работнікі ясляў-сада № 2. Іх калегі з ясляў-сада № 3 прывезлі на кірмаш са-джанцы рэмантантных малін, якія аддавалі па 5 рублёў. Слабадскія гандлявалі дранікамі з мясам, варанай кукурузай і кампотам «Махіта», які людзі ахвотна бралі цэлымі бутлямі. Ля башнёўскага прылаўка можна было атаварыцца шарлоткай ад дырэктара Валянціны Скірман і ляшчом «Дары Будавесці» ад мужа дырэктара. Амбросавіцкія педагогі нагатавалі марынацыі: аджыка, салат з агуркоў, шчаўе, памідоры – выбар, як у супермаркеце.
У гэты дзень у Шуміліне гандлявалі «Полацкі» і «Смаленскі» рынкі, Бешанковіцкае райспажыўтаварыства, філіял «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга», гадавальнік пладовых і ягадных раслін з Самахвалавічаў, Віцебскі занальны інстытут сельскай гаспадаркі НАН Беларусі і іншыя прадпрыемствы і арганізацыі.

Самыя вялікія чэргі стаялі за саджанцамі пладовых і дэкаратыўных раслін.

Самым вялікім попытам на кірмашы карысталіся саджанцы пладовых дрэў: людзі гатовы былі і гадзіну стаяць у чарзе. Буракоў і капусты аказалася мала. Свежае мяса на кірмаш не прывезла ні адна мясцовая гаспадарка, а мы спа-дзяваліся. А яшчэ мы зразумелі, што бульба каштуе даражэй за перцы і засумавалі.
Медыкі правялі падчас кірмашу акцыю па вакцынацыі ад каранавірусу. Людзі скарысталіся такой магчымасцю і ішлі да машыны хуткай дапамогі, дзе можна было зрабіць прышчэпку ад каранавірусу.
– Бацькі даўно прышчапіліся, а я ўсё адкладваў, – прызнаўся вадзіцель аўтастанцыі Аляксандр Хахлоў. – Упэўнены, што гэта абавязкова трэба зрабіць.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №79 ад 12.10.2021 г.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *