Платить за электричество можно меньше

Общество Экономика

За святло можам плаціць менш
Практыка прымянення дыферэнцыраваных па часавых перыядах тарыфаў прынята даўно, і яна паказала, што бытавы спажывец можа знізіць узровень сваіх расходаў на аплату электраэнергіі на 20-40%.
Дасягнуць гэтага можна, змяніўшы час выкарыстання энергаёмкіх бытавых электрапрыбораў (спажываць электраэнергію свядома, а не як атрымліваецца). У Беларусі з кожным годам павялічваецца колькасць спажыўцоў электрычнай энергіі, яны аплачваюць электраэнергію па тарыфах, дыферынцыраваных па часавых перыядах. Пра перавагі і асаблівасці гэтых тарыфаў размаўляем з начальнікам  Шумілінскага раённага вытворча-збытавога ўчастка філіяла  “Энергазбыт”  Іванам  Уладзіміравічам АНДРЭЕВЫМ.
– Іван Уладзіміравіч, раскажыце больш падрабязна пра дыферэнцыраваны па часавых перыядах тарыф.
– Электрычная энергія, якая спажываецца з 17.00 да 22.00 (акрамя выхадных і святочных дзён) – перыяд максімальных нагрузак, аплачваецца па павышаным тарыфе. На сённяшні дзень гэта 0,2436 руб. за 1 кВт/гадз для дамоў(кватэр), якія абсталяваны электрычнымі плітамі, і 0,2866 руб. для 1 кВт/гадз для астатніх. Электрычная энергія, якая выкарыстоўваецца з 22.00 да 17.00  у буднія дні і кругласутачна ў выхадныя і святочныя  – перыяд мінімальных нагрузак, аплачваецца па тарыфу, які значна танней. На сённяшні дзень гэта 0,0853 руб. за 1 кВт/гадз, і 0,1003 руб. за 1 кВт/гадз адпаведна.
Адразу адзначу, што колькасць электраэнергіі бытавога спажыўца залежыць ад колькасці электрапрыёмнікаў, якія ў яго ёсць. Адны электрапрыборы з’яўляюцца неад’емнай часткай нашага жыцця  –асвятляльныя прыборы, электрычныя пліты, халадзільнікі,  другія – павышаюць камфорт нашых дамоў (тэлевізары, кухонныя камбайны, кандыцыянеры і г.д.). Рэжым выкарыстання гэтых прыбораў не з’яўляецца бесперапынным, таму яны лёгка могуць выкарыстоўвацца ў час сутак з “танным” тарыфам. Пральную ці пасудамыйную машыны, напрыклад, можна ўключаць на ноч, гэта дазволіць значна зэканоміць сямейны бюджэт.
– Колькі ў нашым раёне спажыўцоў, якія карыстаюцца дыферэнцыраванымі па часавых перыядах тарыфах?
–  На сённяшні дзень у нас дыферэнцыраванымі па часавых перыядах тарыфамі карыстаюцца  27 спажыўцоў. Колькасць электраэнергіі, якую яны спажылі за кастрычнік, – ад 70 да 500 кВт/гадз.  Іх эканомія складае ад 1 да 20 рублёў. Напрыклад, калі сям’я спажыла за месяц 160  кВт/гадз (150  кВт/гадз “таннага” тарыфу і 10 кВт/гадз “дарагога”) па аднаставачным тарыфе заплацілі б 23,34 руб., па дыферэнцыраваным па часавых перыядах – 17,91 руб. Фактычная эканомія склала 5,43 руб.
– Што трэба, каб перайсці на дыферэнцыраваныя па часавых перыядах тарыфы?
–  Для аплаты неабходна наяўнасць  шматтарыфнага электроннага прыбора ўліку электрычнай энергіі і жаданне абанента. Для пераходу трэба звярнуцца з пісьмовай заявай у Шумілінскі раённы вытворча-збытавы ўчастак філіяла “Энергазбыт” (Шуміліна, вул. Зялёная, 3а, тэл. 5-18-01).
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №99 ад 21.12.2018 г.