Бригада Алексея Богданова работает со знаком качества

Актуалии Экономика

На здымку: (злева-направа) сядзяць – Аляксей Багданаў, Антон Хардзікаў, Аляксандр Пастарнакоў; стаяць – Антон Бараноўскі, Аляксей Марозаў і Сяргей Шылка.

Працуюць аператыўна і якасна

Сённяшняе жыццё немагчыма ўявіць без электрычнасці. Калі электрычны ток знікае, то гэта становіцца сапраўднай праблемай. Ліквідацыяй аварый займаюцца работнікі раёна электрычных сетак.
Як толькі сігнал аб аварыі паступае ў дыспетчарскую раёна электрычных сетак, то на месца здарэння адразу выязджае рамонтная брыгада. Выязджае ў любы час сутак і ў любое надвор’е. У Шумілінскім РЭС дзве брыгады па рамонце электрычных сетак. Менавіта на іх прыпадае ўвесь цяжар работы ў надзвычайных сітуацыях. “У нас кожны ведае, якая адказнасць ляжыць на нашай арганізацыі, – падкрэслівае кіраўнік Раёна электрычных сетак Дзмітрый Муркоў. – Кожны разумее, што ад таго, як хутка справяцца, залежыць камфорт людзей, работа прадпрыемстваў. Тут сабраліся сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы”.
Адну з рамонтных брыгад узначальвае майстар Аляксей Багданаў. Аляксей у Шумілінскім РЭС працуе з 1997 года, электрычныя сеткі нашага раёна ведае дасканала. Сёлета Аляксей Багданаў атрымаў медаль “За працоўныя заслугі”, якую яму ўручыў у Мінску тагачасны прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.
“Наша брыгада – зладжаная і спрацаваная, – расказвае майстар. – Разам мы працуем ужо больш за дзесяць год. Кожны цудоўна ведае свой участак работы. Электраманцёры Антон Бараноўскі, Сяргей Шылка, Аляксей Марозаў і Антон Хардзікаў, вадзіцель Аляксандр Пастарнакоў – высокакласныя спецыялісты, адказныя і сумленныя работнікі”. Аператыўнасць і якасць работы сталі візітнай карткай гэтай брыгады.
Работы ў  брыгады  па рамонце паветраных ліній хапае. Галоўнае – штодзённы планавы рамонт і абслугоўванне электрычных сетак раёна. А ліквідацыя аварыйных сітуацый – гэта не асноўнае, хаця работы дадаюць і прыродныя катаклізмы. Так, сёлета падчас моцных вятроў разы тры абрываліся ў раёне правады. І тады пачынаюцца некалькі гадзін напружанай работы, каб аднавіць падачу электраэнергіі. І многія ведаюць: калі ўчастак абслугоўвае брыгада майстра Аляксея Багданава, то ўсё будзе зроблена на вышэйшым узроўні.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №99 ад 21.12.2018 г.