Путь в бессмертность Ефросиньи Зеньковой

Актуалии Векапомнае

100 год БССР
Адважная Фруза
22 снежня споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза, кіраўніка Обальскай падпольнай камсамольскай арганізацыі “Юныя мсціўцы”,  легендарнай падпольшчыцы Ефрасінні Зяньковай.
Ефрасіння Савельеўна нарадзілася на Шуміліншчыне ў вёсцы Ушалы ў працавітай сялянскай сям’і. Яе бацькі, Марфа Аляксандраўна і Савелій Міхайлавіч, працавалі ў калгасе. Брат Мікалай быў механізатарам. Фруза пасля заканчэння Лявонаўскай сямігодкі паступіла ў Віцебскую школу фабрычна-завадскога навучання швачак. Працавала на фабрыцы “Сцяг індустрыялізацыі”. У ліку лепшых была накіравана на вучобу ў швацка-тэкстыльны тэхнікум, аднак паспела скончыць толькі першы курс, як пачалася вайна.
Фруза Зянькова разам з фабрыкай эвакуіравалася ў Саратаў. Па шляху эвакуацыі сабрала больш за 20 дабраахвотнікаў і стварыла групу ў знішчальным батальёне, у складзе якога ваявала ў раёне Вязьмы і Ярцава. Іх галоўным заданнем было змаганне супраць лазутчыкаў. У верасні 1941 года фарміраванне трапіла ў акружэнне. Е. Зянькова тры дні знаходзілася ў палоне, потым збегла і пешшу дабралася да роднай вёскі Ушалы. Брат і іншыя родныя да гэтага часу ўжо наладзілі сувязь з партызанамі.
Спачатку Ефрасіння была агентурнай разведчыцай, а потым узначаліла падпольную камсамольскую арганізацыю “Юныя мсціўцы”. Дзяўчына змагла аб’яднаць вакол сябе надзейных, мужных маладых лю-дзей, гатовых на подзвіг. У арганізацыю ўвайшлі 38 юнакоў і дзяўчат з вёсак Ушалы, Зуі, Масцішча, Ферма і станцыі Обаль. Усе яны былі залічаны ў партызанскі атрад імя К. Я. Варашылава брыгады імя Леніна, якому накіроўвалі здабытую ў немцаў зброю, медыкаменты і выведаную інфармацыю, узамен атрымліваючы зводкі Саўінфармбюро і ўзрыўчатку. Нядаўнія школьнікі, якія сталі падпольшчыкамі, забяспечвалі жыхароў навакольных вёсак і станцыі Обаль партызанскімі лістоўкамі. Дзякуючы камсамольцам партызаны даведваліся пра размяшчэнне агнявых кропак ворага, перасоўванне транспарту па чыгунцы і шашы, перадыслакацыю войскаў. Адважныя мсціўцы амаль кожную ноч здзяйснялі дыверсіі на варожых аб’ектах. Яны спалілі масты на шашы Віцебск-Полацк ля вёсак Ферма і Крупеніна, адправілі на той свет зондарфюрара СС і трох афіцэраў, якія яго суправаджалі, заклаўшы міну запаволенага дзеяння ў аўтамабіль. Пазней падарвалі станцыйную водапомпу, арганізавалі дыверсіі на льнозаводзе, электрастанцыі, цагляным заводзе, у камендатуры. Усяго падпольшчыкі здзейснілі 21 буйную дыверсію.
Зямля гарэла пад нагамі акупантаў, а падпольшчыкі доўгі час заставаліся няўлоўнымі. Толькі з дапамогай правакатара фашысты напалі на след патрыётаў. У канцы лета 1943 года амаль усе былі арыштаваны, а ўвосень пасля жорсткіх катаванняў і здзекаванняў расстраляны, не выдаўшы тых, хто застаўся на волі.
Толькі дзякуючы шчасліваму выпадку не трапіла ў лапы фашыстаў Фруза. Напярэдадні масавых арыштаў яна выехала ў Полацк на спецзаданне. Падпольшчык Аркадзь Барбашоў, якому ўдалося пазбегнуць арышту, змог папярэдзіць дзяўчыну. Калі яна вярталася з Полацка ў адкрытай машыне, ён чакаў яе на ўскраі дарогі і падаў умоўны знак. Яна папрасіла тэрмінова спыніць аўто. Гэта выратавала дзяўчыне жыццё. Акупанты не знайшлі Фрузу і як заложніц арыштавалі, а потым расстралялі яе маці і цётку. Пасля правалу падполля Ефрасіння Зянькова пайшла ў партызанскую брыгаду імя Леніна ў атрад імя К. Я. Варашылава, дзе стала санінструктарам.
Уся пасляваенная працоўная дзейнасць Ефрасінні Зяньковай была звязана з Віцебскам, дзе яна адпрацавала больш за 20 гадоў у гарадскім ваенкамаце і ў 1976 го-дзе стала Ганаровым грамадзянінам горада. Удала склалася і асабістае жыццё. Яна нарадзіла і выхавала дачку Святлану, якая ў будучым стала ўрачом. Ефрасіння Савельеўна памерла 19 красавіка 1984 года. Пахавана на Мазурынскіх могілках у Віцебску.
Імя Ефрасінні Савельеўны Зяньковай залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю Беларусі. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 ліпеня 1958 года Зяньковай Ефрасінні Савельеўне прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля Залатая Зорка.
Пра Ефрасінню Зянькову і падпольную групу “Юныя мсціўцы” у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа была пастаўлена п’еса віцебскіх аўтараў А. Гутковіча і У. Хазанскага “Юныя мсціўцы”, у якой ролю Ефрасінні сыграла Зінаіда Канапелька.
У 1988 годзе на доме па вуліцы Шрадара, дзе жыла Фруза, была ўсталявана мемарыяльная табліца (скульптар – А. Гвоздзікаў). У 1985 годзе ў Віцебску вуліцу Металістаў перайменавалі ў вуліцу Зяньковай. У гэтым жа годзе ў Обалі вуліца Піянерская была перайменаваная ў вуліцу Зяньковай.
Ефрасіння Савельеўна была камунікабельным, простым чалавекам, мела шмат сяброў. І зараз, у дзень яе нараджэння, ля магілы збіраюцца людзі, каб пакланіцца вялікай дачцэ беларускага народа — жанчыне, маці і проста чалавеку.
Жанна НІЦІЕЎСКАЯ, старшы навуковы супрацоўнік музея Обальскага камсамольскага падполля.
Фота з фондаў музея Обальскага камсамольскага падполля.
Надрукавана ў №3 ад 09.01.2019 г.