На этот раз доверчивость стоила 900 рублей: интернет-мошенничество набирает обороты

Происшествия

Кошт даверлівасці – 900 рублёў
У раённым аддзеле Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь узбуджана крымінальная справа па факце злачынства, здзейсненага праз інтэрнэт.
“Усё часцей прыходзіцца канстатаваць, што некаторыя з-за сацыяльных сетак забыліся пра простыя чалавечыя ўзаеміны. Пры гэтым праяўляюць крайнюю даверлівасць, – дзеліцца старшы следчы Ірына Шэнцава. – Вось быццам бы знаёмыя просяць дапамогі праз сацыяльныя сеткі. Няўжо так складана патэлефанаваць і  спытаць, што здарылася? І знаёмаму было б прыемна, што вы цікавіцеся, і крымінальнай справы не было б”.
Марыя (імёны зменены па этычных меркаваннях) “УКантакце” ўбачыла паведамленне ад знаёмай: “Прывітанне. Мне павінны пералічыць грошы, а мая банкаўская картка заблакіравана. Скінь, калі ласка, рэквізіты сваёй карткі і, на ўсялякі выпадак, тэлефонны нумар, які прывязаны да яе”. Згадзіцеся, падазронае паведамленне. Але ў Марыі ніякіх падазрэнняў не ўзнікла, і яна адправіла ўсё, пра што пыталіся.
Праз некалькі хвілін Марыю чакаў першы непрыемны “сюрпрыз”: на тэлефон прыйшла СМС-ка, што з яе карткі спісалі 400 рублёў. Не паспела дзяўчына апомніцца, як другая СМС-ка паведаміла, што яшчэ 500 рублёў спісана. Такім чынам, за пару хвілін з карткі былі спісаны ўсе грошы. І толькі тады Марыя патэлефанавала сяброўцы, якая і адказала, што ніякіх паведамленняў “УКантакце” не пісала…
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №7 ад 22.01.2019 г.