Как в Кордонской школе развивают туристско-прикладное многоборье

Актуалии Образование Спорт, туризм

Штучныя ўцёсы – у спартзале

Упершыню ў гэтым навучальным годзе ў Кардонскай школе ад цэнтра дзяцей і моладзі  працуюць заняткі па інтарэсах “Турысцка-прыкладное мнагабор’е”. За гэту справу з энтузіязмам узялася маладая мясцовая настаўніца фізічнай культуры Кацярына Акуцёнак. Сама актыўная, ініцыятыўная, поўная ідэй, настаўніца зараджае гэтым і старшакласнікаў.
“Турыстычнай справе навучылася ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце ў студэнцкія гады, – расказала Кацярына Юр’еўна. – Я падтрымліваю здаровы лад жыцця, гэтаму ж вучу і дзяцей. Лічу, што кожны з іх павінен быць вынослівым, умець арыентавацца на мясцовасці і правільна паступаць у экстрэмальных сітуацыях, пераадольваць прыродныя перашкоды. Гэтую навуку мы спасцігаем на занятках па інтарэсах”.
Падлеткі вучацца ставіць палаткі, распальваць кастры, вязаць вузлы, арыентавацца з картай і компасам на мясцовасці, вывучаюць тэхніку пешаходнага турызму і яшчэ шмат чаго цікавага. Старшакласнікам падабаецца пераадольваць перашкоды: восенню перапраўляліся праз ручай, праз балоцістую мясцовасць. Ну, а зараз, калі на вуліцы зіма, у кардонскіх школьнікаў створаны ўмоўныя ўцёсы і скалы ў спартыўнай зале. З цэнтра дзяцей і моладзі выдзелілі спецыяльны рыштунак для турысцка-прыкладнога мнагабор’я, і дзеці пераадольваюць вышыню. Ахвочых заваяваць “свой Эверэст” знайшлося дванаццаць чалавек. І ўжо многія паказваюць нядрэнныя поспехі на спусках і пад’ёмах.
“Турысцка-прыкладное мнагабор’е вельмі захапіла мяне і маіх сяброў, – кажа дзевяцікласніца Ульяна Пушкарова. –  Нам падабаецца пераадольваць вышыню і паласу перашкод. Акрамя гэтага, у час заняткаў мы паўтараем не толькі геаграфію, але біялогію, гісторыю, фізіку і іншыя прадметы. Вясной нашы заняткі будуць праходзіць на свежым паветры – вось там і паглядзім, на што здольны кожны з нас”.
Спускі, пад’ёмы, паласа перашкод вучаць перамагаць самога сябе – страх, ляноту, няўпэўненасць. А яшчэ на занятках па турызму падлеткі вывучаюць сваю малую радзі-му.
У мінулым годзе каманда Кардонскай школы на раённым турзлёце заняла першае месца. І сёлета не збіраецца нікому саступаць. Больш таго, удзельнікі заняткаў па інтарэсах па турысцка-прыкладным мнагабор’і мяркуюць выстаўляць сваю каманду для ўдзелу ў турзлёце на абласным узроўні.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №9 ад 29.01.2019 г.