Реабилитация инвалидов – научить и чебуреки жарить

Здоровье Общество

Новое оборудование в отделении реабилитации

Навучацца і чабурэкі смажыць
Аддзяленне дзённага прабывання і рэабілітацыі інвалідаў, што існуе пры Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, наведваюць два дзесяткі чалавек. Ім цікава разам адзначаць святы, праводзіць розныя конкурсы, рыхтаваць падзелкі. Дзеля гэтага пры аддзяленні працуюць чатыры гурткі, у якіх можна навучыцца шыць, вязаць, вышываць, рабіць выцінанкі і аплікацыі.
“Наша аддзяленне наведваюць не толькі дарослыя, – расказвае дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва В. Р. Штуро. – Вядома, асаблівую ўвагу аддаём дзецям. Наша задача  зацікавіць іх, прыдаць аптымістычнага жыццёвага настрою, навучыць элементарным навыкам вядзення дамашняй гаспадаркі. Кожны павінен умець  памыць і адпрасаваць бялізну, зварыць суп і кашу, напячы бліноў”.
Але гатаваць да нядаўняга часу не мелі магчымасці, пакуль у аддзяленні дзённага прабывання і рэабілітацыі інвалідаў не было спецыяльна абсталяванай кухні. Нядаўна яна з’явілася. Дапамаглі спонсары – Міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “Сафія” (выканаўчы дырэктар С. С. Зубовіч), філіял якога знаходзіцца ў Мінску.
“Яшчэ ў красавіку прадстаўнікі дабрачыннага аб’яднання “Сафія” прыехалі да нас і папрасілі скласці спіс неабходных рэчаў, – расказвае Валянціна Рамуальдаўна. – Мы прапанавалі свой праект, выбралі мэблю і посуд беларускай вытворчасці. І вось у сярэдзіне верасня гэтаму праекту далі “зялёнае святло” – нам падарылі мэблі амаль на дзевяць мільёнаў рублёў”.
Праходзім на кухню і ў пакой адпачынку, што з густам аформлены пры аддзяленні дзённага прабывання і рэабілітацыі інвалідаў. Бачым тут новенькі набор мяккай мэблі “Арыён”, навясную кухню і абедзенную зону. Акрамя гэтага, спонсары падарылі электрычны прас і чайнік, мікрахвалевую печку і набор посуду для яе, каструлі і патэльні. Адным словам, усё, што неабходна для сучаснай кухні. “Засталося на кухню толькі правесці ваду, – гаворыць Валянціна Рамуальдаўна. – Будзем вучыць нашых падапечных і чабурэкі смажыць, і булкі выпякаць”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №78 ад 11.10.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *