У Обалі шыюць трыкатаж для расійскіх заказчыкаў

Актуалии Экономика

Шыюць трыкатаж для расійскіх заказчыкаў

Здаецца, не так даўно (у жніўні 2017 года) у Обалі быў адкрыты філіял віцебскай фабрыкі “Сцяг індустрыялізацыі”. Набіралі на работу швачак і, як высветлілася, авалодаць гэтай прафесіяй знайшлося нямала жадаючых. На работу было прынята 25 чалавек. Але ж працаваць швачкай не так і проста.

Патрэбныя не толькі веды, спрыт і хуткасць, але ж яшчэ і ўседлівасць, старанне, дысцыпліна. А гэтага бракавала ў многіх. Таму і былі некаторыя звольнены за прагулы. “Зараз  у нас працуе 14 чалавек, – кажа начальнік Обальскага філіяла ААТ “Сцяг індустрыялізацыі” Любоў  Паўлава. – З першых дзён стварэння філіяла тут рупяцца Ала Касьянава, Вольга Дубініна, Кацярына Пінчук. Увогуле засталіся надзейныя, вытрыманыя, працавітыя.  Мы гатовы і яшчэ ўзяць швачак на работу. Але жадаючых у нашым пасёлку няма – я мясцовая і добра ведаю сваіх землякоў. А з дрэннай рэпутацыяй запрашаць людзей на работу няма сэнсу – такія адпрацуюць нямнога”.
Кіраўніцтва фабрыкі клапоціцца пра філіялы і забяспечвае людзей аб’ёмамі. “Без работы не сядзім, – кажа вопытная швачка Ала Касьянава. – Шылі ўцепленыя мужчынскія рабочыя касцюмы, спадніцы, футболкі, гольфы”. Больш за год таму “Сцяг індустрыялізацыі” стаў супрацоўнічаць са смаленскай трыкатажнай фабрыкай “Шарм”, якая займаецца вытворчасцю тканіны і трыкатажных вырабаў пад брэндам “Тваё”. Заказы на невялікія партыі накіроўваюць у Обаль. Яны нядаўна шылі маладзёжныя футболкі, жаночыя вадалазкі, а зараз на швейных машынках абальчан ляжыць трыкатаж для мужчынскіх талстовак розных памераў. У кожнай – свая аперацыя…
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №14 ад 15.02.2019 г.