Экономический блок вопросов рассмотрен на заседании Шумилинского райисполкома

Актуалии Президент Экономика

Ведаць, што рабіць на кожным прадпрыемстве

22 лютага адбылося чарговае пасяджэнне райвыканкама, на якім былі разгледжаны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і выканання раённага бюджэту ў мінулым годзе, вызначаны задачы на 2019 год, а таксама падведзены вынікі работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у 2018 годзе.
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Цімашэнка ў дакладзе паведаміла пра канчатковыя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2018 год. Яна адзначыла, што на 2019 год вызначаны напружаныя прагнозныя паказчыкі: тэмп росту аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі ўстаноўлены ў памеры 105%, прадукцыі сельскай гаспадаркі – 109,3%, будаўніча-мантажных работ – 112%, экспарту тавараў – 105,2%, экспарту паслуг – 105,3%, рознічнага тавараабароту – 105%, тавараабароту грамадскага харчавання – 104%. Прыцягненне прамых замежных інвестыцый запланавана ў памеры $900 тысяч.
На створаныя новыя працоўныя месцы неабходна працаўладкаваць 75 чалавек, стварыць 5 новых арганізацый, трэба ўвесці 3265 кв. м жылля. Для выканання гэтых паказчыкаў ёсць патэнцыйныя магчымасці пры ўмове напружанай і зладжанай работы ўсіх арганізацый раёна.
Дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Обальскі керамічны завод» Павел Манак запэўніў, што паказчыкі першага квартала прадпрыемства выканае. Дырэктар КУП бытавога абслугоўвання насельніцтва Віктар Бабічаў расказаў, што прадпрыемства ўвяло новыя віды паслуг: рамонт абутку, нарыхтоўку і дастаўку дроў, плануецца аказваць новыя запатрабаваныя паслугі цырульні, у тым ліку і для сельскага насельніцтва – гэта дазволіць стабілізаваць работу прадпрыемства. Таксама заслухалі і кіраўнікоў усіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Старшыня райвыканкама Алег Быкаў ахарактарызаваў сітуацыю ў эканоміцы раёна як складаную, а ў сельскай гаспадарцы як крызісную, і адзначыў, што паказчыкі выканання прагнозу за студзень бягучага года ўжо выклікаюць насцярожанасць, асабліва ў сельскай гаспадарцы. “У дакладзе не прагучалі канкрэтныя прапановы, крокі, дзеянні па выкананні ўстаноўленых заданняў. Прайшло ўжо два месяцы першага квартала, бачна, што некаторыя квартальныя заданні не будуць выкананы, – адзначыў кіраўнік раёна і запатрабаваў ад аддзела эканомікі, упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама дапрацаваць рашэнне. – Што трэба рабіць для вы-праўлення сітуацыі на кожным прадпрыемстве – менавіта гэта павінна быць у рашэнні”.
Пры разглядзе пытання аб выкананні бюджэту раёна і задачах на 2019 год, з якім выступіла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Алена Сідарэнка, старшыня райвыканкама асаблівую ўвагу звярнуў на пазабюджэтную дзейнасць бюджэтных арганізацый, падкрэсліўшы, што актыўная работа ў гэтым напрамку дае ўстановам сродкі для рашэння многіх задач. Ад кіраўнікоў некаторых арганізацый запатрабавалі ўзмацніць работу па ліквідацыі запазычанасці па плацяжах у бюджэт.
Аб рабоце са зваротамі грамадзян расказала загадчык сектара па  рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Любоў Казаравец. Яна адзначыла, што за год у райвыканкам паступіла 350 зваротаў, што складае 88,4% да паказчыка 2017 года. Скарацілася колькасць як вусных, так і пісьмовых і электронных зваротаў. Часцей за ўсё людзі звярталіся непасрэдна ў райвыканкам (184 звароты грамадзян) і ў аддзел унутраных спраў райвыканкама – 148 зваротаў. Зменшылася і колькасць зваротаў жыхароў раёна ў вышэйшыя інстанцыі – да 13 (у 2017 годзе было 25). Разам з тым, павялічылася колькасць зваротаў у райвыканкам ад жыхароў Обальскага і Светласельскага сельсаветаў. У сельвыканкамы паступіла 222 звароты, рост колькасці зваротаў назіраецца ў Обальскім, Светласельскім, Сіроцінскім сельвыканкамах.
Па структуры пытанняў, якія ставіліся ў зваротах, трэцюю частку складаюць пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, шмат пытанняў па землеўладкаванні і землекарыстанні, жыллёвым заканадаўстве, пошуку і ўвекавечанні памяці загінуўшых у гады вайны.
На працягу года ўдалося рашыць такія праблемы, як будаўніцтва станцыі абезжалезвання вады ў г. п. Обаль, уладкаванне пешаходнай дарожкі ў Мікалаеве, устаноўка аўтапавільёна ў Мясаедаве і іншыя. Шэраг пытанняў застаецца на кантролі.
Былі заслуханы справаздачы старшыні Обальскага сельвыканкама Мікалая Будневіча, дырэктара УП ЖКГ Аляксея Шпакава. У прынятым рашэнні вызначаны меры па ўдасканаленні работы са зваротамі грамадзян, у тым ліку і ў асобных арганізацыях.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №17 ад 26.02.2019 г.