Масленичные гуляния прошли в Шумилино

Актуалии Культура

Бліны з’елі, Масленіцу спалілі, вясну сустрэлі

Ну, сапраўды, надакучыла нам ужо зіма! Колькі можна маразам і снегу панаваць? Як кажуць, пагаспадарылі і досыць. Дайце дарогу вясне, сонцу, цяплу! З такім настроем прыйшлі жыхары і госці райцэнтра ў суботу ў цэнтральны гарадскі парк – праводзіць зіму і сустракаць вясну, акунуцца ў атмасферу вясёлых масленічных гулянняў.

Тут усіх чакала тэатралізаваная канцэртная праграма, гульні, конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы як жартоўныя (накшталт кідання бервяна і ботаў), так і сур’ёзныя (падняцце гіры, перацягванне каната, стральба і інш.), самыя разнастайныя акцыі. Чакалі і традыцыйны масленічны слуп, і катанне на запрэжаных конях. Адным словам, забаў хапала на любы густ.

А якая Масленіца без бліноў!? Наліснікаў тонкіх, круглых і залацістых, дражджавых і аладкаў, маленькіх і вялікіх, з начынкай і па адмысловых рэцэптах, гарачых, прама з патэльні, на свяце хапала. І ўсе, хто хацеў, у гэты дзень бліноў наеўся. Некаторыя самыя смелыя згадзіліся нават памерацца сіламі ў хуткасці паядання бліноў.

Многія заўважылі, якая прыгожая сёлета галоўная сцэна! Тут шаноўнае месца занялі Масленіцы-прыгажуні, прадстаўленыя прадпрыемствамі і ўстановамі на выставу-конкурс. Сур’ёзна і арыгінальна падышлі арганізацыі і да прэзентацыі сваіх вырабаў. У выніку першае месца журы прысудзіла Масленіцы Шумілінскай СШ №1, другое – чырвонай Масленіцы ЦРБ, трэцяе – сучаснай Масленіцы ў “лабутэнах” УП ЖКГ. Прыз сімпатый гледачоў дастаўся дзіцячаму саду №1 – скарыла ўсіх непасрэдная і эмацыянальная прэзентацыя Масленіцы маленькай Насці Чабровай, выхаванкі садка.

А якая Масленіца без спальвання чучала Зімы! Гэта стала кульмінацыяй свята. Усе прысутныя сачылі за тым, як гарыць лялька. Са старажытных часоў лічыцца, што гэты рытуал сімвалізуе не толькі провады зімы, але і тое, што ў агні гараць нашы няшчасці, няўдачы і негатыўныя эмоцыі, накопленыя за зіму.

Пануй, вясна-прыгажуня, нясі лю-дзям сонца, радасць і надзею!

Алена КАРПУШЭНКА.

Надрукавана ў №20 ад 12.03.2019 г.